У Смалявічах прайшлі Трэція Барысаўскія Калядныя адукацыйныя чытанні

09 снежня 2017

top.jpg

 

7 снежня 2017 года па благаславенню епіскапа Барысаўскага і Мар'інагорскага Веніяміна ў горадзе Смалявічы адбыліся Трэція Барысаўскія рэгіянальныя адукацыйныя Калядныя чытанні «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва».

 

Чытанні былі арганізаваны Мінскім абласным выканаўчым камітэтам, Барысаўскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, Смалявіцкім раённым выканаўчым камітэтам.

 

У цэнтры ўвагі чытанняў былі такія тэмы, як духоўная спадчына нашай краіны і актуальныя праблемы развіцця сацыякультурнага і маральнага жыцця беларускага грамадства, развіццё супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой, інстытутамі дзяржаўнай улады і грамадскімі аб'яднаннямі.

 

У чытаннях прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, святары, дзеячы культуры, навуковыя работнікі, прадстаўнікі сілавых структур, кіраўнікі і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, выкладчыкі нядзельных школ, студэнты, замежныя госці.

 

Папярэднічаў Барысаўскім рэгіянальным адукацыйным Калядным чытанням урачысты малебен у храме ў гонар Мінскай іконы Божай Маці горада Смалявічы, які здзейсніў старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Барысаўскай епархіі, благачынны II Барысаўскай царкоўнай акругі, настаяцель прыхода дабравернага князя Дзімітрыя Данскога ў горадзе Барысаве протаіерэй Сергій Башкіраў. Па заканчэнні набажэнства айцец Сергій пажадаў усім удзельнікам плённай працы.

 

Пленарнае пасяджэнне адкрыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Паўлавіч Ладышаў.

 

З дакладам па тэме: «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва» выступіў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

З дакладам «Фарміраванне маральных каштоўнасцяў на традыцыях беларускай культуры» выступіў загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Барыс Андрэевіч Лазука.

 

Дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка», кандыдат псіхалагічных навук Людміла Уладзіміраўна Фінькевіч азнаёміла прысутных з дакладам на тэму: «Сацыякультурнае партнёрства інстытутаў сацыялізацыі дзіцяці ў фарміраванні маральнай свядомасці асобы».

 

У завяршэнне пленарнага пасяджэння з дакладам «Вопыт работы абласнога рэсурснага цэнтра па духоўна-маральнаму выхаванню» выступіла дырэктар ДУА «ВПК яслі сад-сярэдняя школа №24 горада Барысава» Таццяна Мікалаеўна Пракапенкава.

 

Пасля абеду ўдзельнікі Барысаўскіх рэгіянальных Калядных адукацыйных чытанняў працягнулі працу ў секцыях.

 

Па заканчэнні працы секцый адбылося падвядзенне вынікаў працы секцый і закрыццё чытанняў.

 

Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін уручыў узнагароды пераможцам і ўдзельнікам епархіяльнага дзіцячага творчага конкурсу «Прыгажосць Божага свету».

 

Затым адбыўся канцэрт творчых калектываў Смалявіцкага раёна.

Барысаўская епархія / Church.by