Ва ўрочышчы Курапаты малітоўна памянулі ўсіх нявінна забітых у Айчыне нашай

01 лістапада 2017

top.jpg

29 кастрычніка 2017 года, у дзень Сабора навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай, веруючыя мінчане ўшанавалі памяць усіх нявінна забітых і пахаваных ва ўрочышчы Курапаты.

Паніхіду здзейсніў настаяцель прыхода храма Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Цна іерэй Адрыян Латушка.

У пропаведзі айцец Адрыян адзначыў важнасць малітоўнага памінання людзей, якія пралілі ў гэтым месцы сваю кроў.

Памінальныя набажэнствы праходзяць у Курапатах намаганнямі маладога Успенскага прыхода і яго настаяцеля іерэя Адрыяна Латушкі. Сам прыход знаходзіцца ў вёсцы Цна, жыхары якой былі непасрэднымі сведкамі масавых расстрэлаў, якія праходзілі ва ўрочышчы Курапаты ў канцы трыццатых – пачатку саракавых гадоў.

Цяперашняя паніхіда прайшла на наступны дзень пасля Дзмітраўскай бацькоўскай суботы – дня, калі ў Праваслаўнай царкве традыцыйна здзяйсняецца асаблівае памінанне памерлых. Гэтая паніхіда не першая – па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла кожны год на Раданіцу і ў Дзмітраўскую суботу вернікі збіраюцца на памінальную малітву ў Курапатах. Паніхіды праходзяць у самым цэнтры ўрочышча, каля памятнага каменя.

Nevsky.by / Church.by