«Званільны тыдзень» праходзіць у Віцебску

13 красавіка 2018

top.jpg

З 8 па 15 красавіка ў Віцебску праходзіць «Званільны тыдзень», у ходзе якога усе жадаючыя могуць паспрабаваць сябе ў званарскім мастацтве.

Па старадаўняй традыцыі, на працягу ўсёй Светлай сядміцы вернікам дазвалялася званіць у званы без якой-небудзь сувязі з богаслужэннем, каб выказаць усеабдымную радасць Уваскрасення Хрыстовага. Сёння гэтая традыцыя адраджаецца, і на гэтым тыдні любы жадаючы можа пазваніць у званы ў любым праваслаўным храме Віцебска. Аднак у сувязі з тым, што большасць цэркваў маюць высока размешчаныя званіцы, падымацца на іх можна толькі ў суправаджэнні званара.

Прыхаджане Пакроўскага сабора, Траецкага Маркава мужчынскага манастыра, храмаў Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, святога велікамучаніка Георгія і святой блажэннай Матроны Маскоўскай ужо мелі магчымасць навучыцца біць у званы ў лепшых званароў Віцебска.

Усе жадаючыя яшчэ змогуць паўдзельнічаць у «Званільным тыдні» ў храмах: святой мучаніцы Таццяны (14 красавіка з 13:00), Уваскрасення Хрыстовага (15 красавіка з 16:30) і Успенскім кафедральным саборы (15 красавіка з 12:00 да 13:00).

Віцебская епархія / Church.by