Пачалася Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”
01 сентября 2016З благаславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, 31 жніўня пачалася штогадовая Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”.
Традыцыйна міжнародная экспедыцыя з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга праходзіць у першы тыдзень верасня напярэдадні Дня беларускага пісьменства.
Малебен перад пачаткам экспедыцыі ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы ўзначаліў старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін.
Пасля завяршэння богаслужэння ўладыка зачытаў прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Прывітальны адрас Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леаніда Паўлавіча Гулякі агучыла намеснік Упаўнаважанага Алена Іванаўна Радчанка, прывітальны адрас Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Станіславаўны Ананіч зачытаў першы намеснік Міністра Ігар Уладзіміравіч Луцкі.
Мерапрыемствы “Дарогі да святыняў” адбудуцца ў Маладзечанскай, Пінскай, Слуцкай, Тураўскай, Гомельскай епархіях.
Шлях паломнікаў сёлетняй экспедыцыі пройдзе праз Дзяржынскі, Баранавіцкі, Салігорскі, Акцябрскі, Калінкавіцкі, Светлагорскі раёны.
Скончыцца экспедыцыя 4 верасня ў сталіцы Дня беларускага пісьменства — горадзе Рагачове Гомельскай вобласці.
Акрамя духавенства, ў мерапрыемствах экспедыцыі прымаюць удзел вядомыя пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, мастацтва, вытворцы, педагогі, артысты, журналісты, прадстаўнікі міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх аб’яднанняў.
Традыцыйна ў рамках мерапрыемстваў місіянеры наведаюць школы, бальніцы, сацыяльныя установы, храмы і манастыры шэрагу населеных пунктаў.
Запланаваны шматлікія навукова-асветніцкія і творчыя сустрэчы з жыхарамі раёнаў, вернікамі, навучальнай і працоўнай моладдзю, падапечнымі сацыяльных устаноў.
Нязменным арганізатарам “Дарогі да святыняў” з’яўляецца пісьменніца, журналіст Ніна Загорская.