Беларуская Праваслаўная Царква і Нацыянальная акадэмія навук праводзяць сумесную міжнародную канферэнцыю

13 кастрычніка 2017

top.jpg

12 кастрычніка 2017 года ў Мінскай духоўнай семінарыі прайшоў першы дзень работы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржава, грамадства і Царква ў гісторыі Беларусі», прымеркаванай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі: Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Мінскія духоўныя акадэмія і семінарыя, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Мэтай канферэнцыі з'яўляецца ўсебаковае асэнсаванне шляхоў гістарычнага, рэлігійнага і культурнага развіцця Беларусі і ўсходнеславянскіх дзяржаў.

Пачатку работы форуму папярэднічаў малебен у семінарскім Трохсвяціцельскім храме. Малебны спеў здзейсніў рэктар Мінскай духоўнай семінарыі архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый у саслужэнні духавенства з ліку ўдзельнікаў форуму і выкладчыкаў семінарыі.

Затым у актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі адбылося ўрачыстае адкрыццё канферэнцыі, падчас якога з прывітальнымі словамі выступілі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў; Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка; начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі, намеснік старшыні Слонімскага райвыканкама Кацярына Руткоўская. Прывітальны адрас старшыні Вучэбнага камітэта Рускай Праваслаўнай Царквы архіепіскапа Вярэйскага Яўгенія, рэктара Маскоўскай духоўнай акадэміі, агучыў прарэктар па навуковай рабоце МінДАіС дацэнт Аляксандр Слесараў.

У рабоце канферэнцыі таксама прынялі ўдзел: прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларускім Экзархаце архімандрыт Васіян (Змееў), акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Аляксандр Лакотка, дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Іван Саверчанка, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Груша, першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Алег Голубеў. Агульная колькасць прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пленарным пасяджэнні канферэнцыі склала больш за сорак чалавек.

У пачатку работы канферэнцыі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў ўклад мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у развіццё канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва з Нацыянальнай акадэміяй навук. Затым Уладзімір Рыгоравіч урачыста ўручыў мітрапаліту Паўлу памятны знак «У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Затым Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі перадаў у дар Мінскім духоўным семінарыі і акадэміі збор навуковых выданняў, выпушчаных Нацыянальнай акадэміяй навук.

Першы пленарны даклад прадставіў дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» прафесар Іван Саверчанка, выступіўшы з навуковым паведамленнем на тэму: «Спадчына Георгія Каніскага ў лёсе ўсходніх славян».

Прафесар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Сергій Гардун агучыў даклад «Праблема канфесійнай прыналежнасці Францыска Скарыны».

Прафесар Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча, горад Беласток) Антоні Мірановіч прадставіў даклад на тэму: «Георгій (Каніскі), свяціцель Беларускі».

Навуковы кіраўнік Цэнтра гісторыі багаслоўя і багаслоўскай адукацыі багаслоўскага факультэта Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта (Расія, горад Масква) прафесар Наталля Сухава выступіла з дакладам «Роля епархіяльных архіерэяў у падрыхтоўцы пастыраў: праасвяшчэнныя Георгій (Каніскі) і Парфеній (Сапкоўскі)».

Прафесар Інстытута палітычных даследаванняў (Сербія, горад Бялград) Зоран Мілошавіч агучыў даклад на тэму: «Параўнальны аналіз метадаў пераводу праваслаўных у унію ў сербскіх і беларускіх землях».

Пасля абедзеннага перапынку дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Груша правёў прэзентацыю выпушчанага Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і перададзенай у дар Мінскай духоўнай семінарыі двухтомного выдання «Полацкія граматы XIII — пачатку XVI стагоддзяў».

Прэзентацыю выдання «Словы і прамовы Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага» (Магілёў, 2017) правёў Сяргей Сомаў, загадчык кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Завяршыўся першы дзень працы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Дзяржава, грамадства і Царква ў гісторыі Беларусі» экскурсіяй па Царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі і Успенскаму Жыровіцкаму манастыру.

Праца канферэнцыі працягнецца да 13 кастрычніка 2017 года ў горадзе Мінску на базе Мінскай духоўнай акадэміі і Нацыянальнай акадэміі навук.

МінДС / Church.by

Фотарэпартаж