Духаўнік Свята-Лізавецінскага манастыра горада Мінска протаіерэй Андрэй Лемяшонак аб мітрапаліце Філарэце: «Гэта быў голас, які заклікае людзей да Бога»

19 лютага 2021

top.jpg

20 лютага — саракавы дзень з дня спачыну Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Духоўная глыбіня, унутраная сіла, інтэлігентнасць, мудрасць і ў той жа час даступнасць і прастата ў зносінах з людзьмі — якасці, якія адрознівалі Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. На сайце Свята-Лізавецінскага манастыра апублікавана гутарка з духаўніклм абіцелі протаіерэем Андрэем Лемяшонкам пра асобу ўладыкі Філарэта і яго ролю ў стварэнні манастыра:

— Мітрапаліт Філарэт служыў на Беларускай зямлі больш за 30 гадоў, стаўшы архіпастырам яшчэ ў той час, калі цэрквы былі зачыненыя. Сёння, маючы магчымасць ацаніць маштаб пераўтварэнняў, мы разумеем: уладыка ўнёс неацэнны ўклад у развіццё Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ажыццявіць такое пад сілу толькі вельмі моцнай асобе…

— Мітрапаліт Філарэт сапраўды быў асобай. Пры ім сталі адкрывацца храмы, пачало адраджацца царкоўнае жыццё. Вядома, пасля столькіх гадоў багаборніцтва было няпроста. Людзі паводзілі сябе ў царкве асцярожна, паколькі быў знешні кантроль. Старасты, пастаўленыя ўпаўнаважанымі па справах рэлігій, фіксавалі ўсё, што адбывалася ў храмах, і дакладвалі кіраўніцтву. Гэта не давала святарам адкрыта гаварыць магутныя пропаведзі не толькі на евангельскія падзеі, але і на актуальныя жыццёвыя тэмы. З прыходам уладыкі сама манера пропаведзі змянілася. Мітрапаліт Філарэт валодаў дзіўным голасам і моцнай унутранай энергіяй, меў смеласць і адвагу. Гэта не быў асцярожны голас, гэта быў голас, які заклікае людзей да Бога.

Уладыка увёў начныя богаслужэнні. У кафедральным саборы гадоў 200 не было рамонту — улады не дазвалялі праводзіць нейкія працы ў храмах, а мітрапаліт пачаў капітальную рэстаўрацыю сабора... калі ў чалавека ёсць адвага, ёсць унутраная сіла, ён не баіцца, пры гэтым не лезе напралом, а думае, як абысціся, каб не пашкодзіць, і з Божай дапамогай у яго ўсё атрымліваецца.

У савецкія гады неймаверна было ўзяць на працу ў храм маладога чалавека — настаяцеля выклікалі б да ўпаўнаважанага і пакаралі. Калі прыехаў мітрапаліт Філарэт, мяне адразу ўзялі ў кафедральны сабор вартаўніком. Настаяцеля, праўда, усё роўна выклікалі «на размову». Сутнасць была такая: «Чаму ў вас у храме працуе моладзь? Маладыя людзі павінны быць на будоўлях у шэрагах камсамольцаў!» На што наш настаяцель айцец Міхаіл Буглакаў, вельмі мудры чалавек, сказаў: «Не хвалюйцеся. Мы за ім паглядзім. Калі не возьмем, ён сыдзе да сектантаў, тады адпусцім зусім…»

— Як рэагавала ўлада на змены, якія ўводзіў мітрапаліт Філарэт?

— Трэба было ўсё рабіць так, каб не было супрацьстаяння. У гэтым і была мудрасць уладыкі. Адкрываючы храмы, ён казаў пра тое, што царква — гэта не нейкі антыдзяржаўны інстытут, наадварот, яна выхоўвае ў людзях патрыятызм.

Я сам, прыйшоўшы ў Царкву, стаў патрыётам, зразумеўшы, што такое свабода і якія каштоўнасці важныя. Гасподзь наказаў сваім апосталам: ... будзьце мудрыя, як змеі, і простыя, як галубы (Мф. 10:16).

— Аб прастаце, даступнасці, уважлівым стаўленні мітрапаліта Філарэта да людзей кажуць усе, хто яго ведаў. Раскажыце пра свае ўражанні ад зносін з уладыкай.

— Святы заступнік мітрапаліта — праведны Філарэт Міласцівы — стаў для ўладыкі прыкладам. Мітрапаліт Філарэт быў уважлівым да патрэб простых людзей, даступным, міласэрным, адчувалася яго ўнутраная культура. Гэта была асоба, за якой можна было ісці, якая натхняла.

— Вы распавядалі, як спачатку адмаўляліся ад прапановы стаць святаром, але размова з мітрапалітам Філарэтам пераканала вас абраць гэты шлях. Якія словы знайшоў уладыка?

— Не ў словах справа... Проста Гасподзь стварыў цуд і выратаваў мяне ў перыяд барацьбы і спакус. Я ўсіх асуджаў, і мітрапаліта ў тым ліку. Думаў, што ў Царкве ўжо ўсё па-чалавечы. Знаходзячыся суткамі ў храме, ведаючы ўсіх людзей, калі адышла благадаць, я ўбачыў іх негатыўныя бакі. Як Высоцкі спяваў: «Ах, ребята, и в церкви всё не так, как надо…»

Мне прапанавалі стаць святаром, я адмаўляўся. Тады сказалі, каб прыйшоў да мітрапаліта Філарэта. Я ішоў, будучы упэўненым, што ніколі не буду святаром, таму што гэта пагібельна — перад вачыма былі не вельмі натхняючыя прыклады. І калі мітрапаліт Філарэт стаў са мной гаварыць, я ўбачыў у ім Хрыста. Я зразумеў, што Хрыстос са мной размаўляе. Што пасля гэтага можна сказаць?.. Гэта быў пераломны момант, я ўсвядоміў, што Хрыстос кіруе Царквой.

— У 1996 годзе па благаславенню мітрапаліта Філарэта было створана наша сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніцы Вялікай княгіні Лізаветы, яшчэ праз год пачалося будаўніцтва храма ў Навінках. Падзяліцеся ўспамінамі аб тым перыядзе.

 Пасля рукапалажэння я працаваў святаром у Петрапаўлаўскім саборы, потым мы пачалі ствараць Пакроўскую царкву ў Мінску, сястрыцтва, храм у Навінках. Было шмат моладзі. Людзі з натхненнем служылі ў 2-й бальніцы, потым у бальніцы ў Навінках, пазней у інтэрнаце, збіраліся на сумесныя Бажэственныя літургіі — панаваў такі дух адзінства. Усё гэта было благаславенне мітрапаліта Філарэта.

Памятаю, як уладыка благаслаўляў у Петрапаўлаўскім саборы нашых першых сясцёр міласэрнасці ў сястрыцтва і ўручаў ім аблачэнні. Ён сказаў вельмі важныя словы, сутнасць якіх у тым, што сёстры павінны несці свой послух пакорліва, шмат пра сябе не думаць, лішняга не гаварыць. Калі пытаюцца, а ты не ведаеш, лепш прамаўчаць і накіраваць чалавека ў царкву. Сціпласць і змірэнне дзейнічаюць лепш, чым гучныя словы, у якіх няма Духу Божага.

Мітрапаліт Філарэт называў нашых сясцёр пчолкамі, якія збіраюць мёд у вулей. Усе сабраныя сродкі ішлі на будаўніцтва храма. У нас не было спонсараў, але была вялікая праца. З'яўленне сясцёр у горадзе выклікала неадназначную рэакцыю, на нас пісалі скаргі, мы шмат чаго перажылі, але мітрапаліт Філарэт заўсёды нас абараняў. Асабістую ўвага і малітва ўладыкі вельмі дапамагалі.

— Пры закладцы храма, з якога пачалося будаўніцтва нашага манастыра, паставілі крыж, і ўладыка памазаў яго не алеем, а мірам, як пры асвячэнні царквы. Чаму так адбылося?

 Можна сказаць, што гэта было выпадкова: пераблыталі, узялі бутэлечку не з алеем, а з мірам. Але выпадковасцяў не бывае. Напэўна, ужо пры закладцы храма было відаць, што на гэтым месцы будзе. Раз так адбылося, значыць, у гэтым быў духоўны сэнс.

— Уладыка благаславіў стварэнне нашага манастыра і здзяйсняў пострыгі маладых сясцёр. У тыя гады гэта было…

— ... Гэта была такая адвага! Студэнткі, якія яшчэ нядаўна выйшлі з інстытута, станавіліся манахінямі. Але і мітрапаліт Філарэт быў самым маладым епіскапам у нашай Царкве. Думаю, гэта было вельмі смела і дальнабачна.

Спачатку ўладыка прыязджаў у манастыр тры разы на год. Храм яшчэ будаваўся, былі голыя сцены, зімой стаялі «дуўкі», вакол рыштаванні, а мітрапаліт Філарэт у тых умовах ужо здзяйсняў пострыгі. Пры будаўніцтве манастыра былі складаныя сітуацыі, але ўладыка ва ўсім разабраўся, таму сёння стаіць манастыр.

— А якія настаўленні ўладыка даваў маладым манахіням?

— Захоўваць паслухмянасць, дух адзінства, служыць хворым людзям. Гэта не былі агульныя словы, ён звяртаўся асабіста да чалавека, таму словы траплялі ў сэрца.

— Прынята лічыць, што манаская дзейнасць — гэта малітва, закрытае духоўнае жыццё, а мітрапаліт Філарэт благаславіў сясцёр служыць людзям у бальніцах, інтэрнатах, на падворках…

— Так, гэта было нетрадыцыйнае рашэнне. Але вось ёсць прыклад прападобнамучаніцы Марыі, прападобнамучаніцы Анастасіі з роду Раманавых у Кіеве — у манастырах, якія яны заснавалі, манахіні таксама служылі людзям.

Вядома, пры стварэнні манастыра і ў нас былі сумневы. Прыйшлося шмат чытаць, вывучаць пытанне, і мы адстаялі магчымасць такога служэння, мітрапаліт благаславіў. Сумневы былі таксама па пытанні брацтва пры жаночым манастыры, але і тут уладыка благаславіў. Мітрапаліт Філарэт рабіў і казаў не ад розуму або настрою, ён заўсёды маліўся і шукаў волю Божую, гэта адчувалася.

— А як уладыка ўспрымаў стварэнне пры манастыры мужчынскага і жаночага падвор'яў?

— Мы хацелі, каб мітрапаліт Філарэт благаславіў на мужчынскім падвор'і будаўніцтва храма. Браты там складаныя — алкаголікі, наркаманы, без богаслужэнняў цяжка. Уладыка доўга не даваў адказу, але праз нейкі час благаславіў. Калі работы завяршыліся, мітрапаліт прыехаў асвяціць храм, меў размову з братамі. Дамавую царкву ў інтэрнаце таксама сам асвячаў.

У манастыр па дапамогу прыходзілі не толькі мужчыны, але і жанчыны, а мы не маглі ім дапамагчы. У нейкі момант зразумелі, што трэба ствараць жаночае падвор'е, пачалі думаць, дзе ўзяць зямлю.

Калі ёсць Божы Промысл, пазлы складаюцца. Рашэнне прыйшло праз уладыку. Мітрапаліт выклікаў мяне і сказаў, што трэба неяк набыць участак зямлі. З благаславення ўладыкі мы выкупілі зямлю, на якой сёння стаіць жаночае падвор'е. Так з'явілася месца і для жанчын, якія трапілі ў складаную сітуацыю.

— Манастыр малады, але ў яго храмах сабраны мошчы Божых угоднікаў з усіх канцоў свету. Якая роля ў гэтым належыць мітрапаліту Філарэту?

— Уладыка благаслаўляў гэта. Нам патрэбна была дапамога святых. Сёстры ўжо пачалі ездзіць за мяжу, у манастыра з'явілася шмат сяброў, і Гасподзь даваў нам святыні з усіх канцоў свету. Мітрапаліт Філарэт уласнаручна з малітвай устаўляў мошчы святых Божых угоднікаў ў машчавікі. Усе святыні, якія захоўваюцца ў вялікіх машчавіках храма ў гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная», укладзеныя рукамі ўладыкі.

— У 2008 годзе манастыр наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II, мітрапаліт Філарэт яго суправаджаў. Якім быў той візіт? Што вам запомнілася?

— Калі планавалася паездка Патрыярха Аляксія II у Беларусь, наведванне нашага манастыра ў праграму не ўключылі. Яго візіт да нас стаў магчымым толькі дзякуючы мітрапаліту Філарэту. Наш храм у гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» стаў апошнім, які пры жыцці асвяціў Патрыярх Аляксій II. У прытворы на гліне ён і мітрапаліт Філарэт паставілі свае подпісы.

У той дзень усё было вельмі сонечна: цудоўная прыгажосць храма, шмат сясцёр у белых уборах, манаскіх сясцёр... Патрыярх быў на такім ўздыме, падзякаваў нам за служэнне. Гэта было дзіўна — нас усе лаялі, на нас увесь час скардзіліся, а тут Патрыярх пахваліў…

— Бацюшка, падзяліцеся ўражаннямі і ўспамінамі аб апошніх сустрэчах з уладыкам Філарэтам.

— Калі чалавек жыве ў духу, Бог яго настаўляе на розум. Тут усё ідзе не ад розуму, а ад сэрца. Відаць было, што служэнне мітрапаліта Філарэта ад сэрца: не па літары, а па духу. Шырата яго ўнутранага свету і сувязь з Богам, але ў той жа час даступнасць і прастата ў зносінах з людзьмі рабілі ўладыку сапраўдным Прадстаяцелем Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. Ён карыстаўся вялікай павагай і ў моцных гэтага свету, і ў простых людзей.

Калі мы віншавалі ўладыку Філарэта з юбілеем, ён ужо быў не тут. Ён знаходзіўся на спачыне і быў ужо ў іншым свеце. Так, ён сышоў у вечнасць пазней, але яшчэ пры жыцці ён быў у тым свеце. Я думаю, што цяпер ён моліцца за ўсіх нас, і яго малітвамі мы зможам яшчэ нешта зрабіць, зможам пабудаваць манастыр не толькі знешні, але і ўнутраны.

 Свята-Лізавецінскі манастыр Сhurch.by