Эксперт-расколазнавец: Згодна канонам, Валянцін Цішко не з'яўляецца праваслаўным святаром
08 мая 2017У беларускіх СМІ рэгулярна з'яўляецца інфармацыя пра іерадыякана Грэчаскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Валянціна Цішко, які часта выказваецца па шэрагу грамадска-рэлігійных пытанняў. Пачынаючы з 2013 года ён пазіцыянуе сябе першым праваслаўным святаром, які адкрыта прадстаўляе інтарэсы ЛГБТ-супольнасці. Пракаментаваць кананічны статус Валянціна Цішко карэспандэнт Krynica.info папрасіў прарэктара па навуковай рабоце Мінскіх духоўных школ Аляксандра Слесарава.
«Валянцін Цішко прыняў рукапалажэнне ад некананічнага «епіскапа» Уладзіміра Вільдэ. З пункту гледжання Праваслаўнай Царквы, абодва яны знаходзяцца па-за царкоўным адзінствам, што на мове праваслаўнага кананічнага права называецца знаходжаннем у расколе. Згодна з дзеючымі кананічнымі правіламі, Уладзімір Вільдэ і Валянцін Цішко не могуць быць прызнанымі ў якасці законных праваслаўных святароў, а здзяйсняемыя імі богаслужэбныя дзеянні не могуць быць ацэненымі як маючыя духоўную значнасць для праваслаўных хрысціян», — адзначыў суразмоўца.
Па яго словах, лінія пеаремства пасвячэння Валянціна Цішко праз «епіскапа» Уладзіміра Вільдэ ўзыходзіць да некананічнай рэлігійнай супольнасці «Паўднёва-Расійская Аўтананомная мітрапалічая акруга» (ЮРАМО), якая знаходзіцца па-за адзінствам з Усяленскім Праваслаўем. «У 2013 годзе Уладзімір Вільдэ выйшаў са складу ЮРАМО, пасля чаго намінальна далучыўся да нешматлікай некананічнай рэлігійнай арганізацыі «Аўтакефальная Грэчаская Праваслаўная Царква Амерыкі і Канады», якая таксама знаходзіцца па-за адзінствам з Цэрквамі сусветнага праваслаўя», — падкрэсліў Аляксандр Слесараў.
Што тычыцца «Аўтакефальнай Грэчаскай Праваслаўнай Царквы Амерыкі і Канады», то яна з'яўляецца адной з некалькіх некананічных рэлігійных арганізацый, якія ўзводзяць сваё паходжанне да т. з. «Экзархату Александрыйскага Патрыярхату ў Амерыцы», існаваўшаму ў 1934-1945 гады.
««Экзархат» быў абвешчаны грэчаскім святаром Хрыстафорам (Кантагеоргіасам), які ўхіліўся ў раскол і прыняў пасвячэнне ў «епіскапа» ад іерархаў, што таксама знаходзіліся па-за зносінамі з кананічнымі Праваслаўнымі Цэрквамі. У 1945 годзе Хрыстафор Кантагеоргіас уз'яднаўся з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, але рукапаложаныя ім у перыяд знаходжання ў расколе некананічныя «епіскапы» працягнулі сваю рэлігійную дзейнасць у стане расколу. З іх пераемнікамі і ўсталявалі фармальныя зносіны Валянцін Цішко і Уладзімір Вільдэ», — дадаў прарэктар па навуковай працы Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі.