Гэты дзень у навейшай гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы

22 чэрвеня 2023

mitropolit-filaret-092.jpg

22 чэрвеня 2011 года

Зварот Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта,
Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
у сувязі з 70-годдзем з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Узлюбленыя ў Госпадзе браты і сёстры!

У гістарычнай памяці беларускага народа засталіся шматлікія горкія ўспаміны пра трагедыю XX стагоддзя, якая забрала жыцці мноства нашых суграмадзян — мінулую Вялікую Айчынную вайну.

Трапяткое і поўнае глыбокай пашаны стаўленне да спачылых продкаў — неад'емная частка беларускай нацыі. Нашы сэрцы напоўнены падзякай усім тым, хто здзейсніў вялікі подзвіг абароны Айчыны, хто загінуў на поле бітвы, хто памёр ад ран і хвароб, хто быў па-зверску закатаваны і забіты. Захаванне гэтай памяці як у духоўным, так і культурным сэнсе з'яўляецца вельмі важным для нас і нашых нашчадкаў.

Наша памяць — гэта не прага помсты. Наша памяць ёсць вера ў тое, што ў Бога ўсе жывыя (Лк 20:38). Наша памяць — гэта выражэнне любові і павагі!

Святая Праваслаўная Царква заўсёды заклікала сваіх дзяцей да малітваў за памерлых. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльныя дні і набажэнствы.

Вось і сёння, у дзень 70-годдзя з моманту нападу нацысцкай Германіі на нашу Айчыну, па благаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, заклікаю верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы ўзнесці свае асаблівыя малітвы аб упакаенні ўсіх загінуўшых у гады Другой сусветнай вайны.

Няхай захавае Гасподзь мір на нашай зямлі і няхай будзе благаславенне Божае з усімі намі.

 

+ ФІЛАРЭТ,
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі