Мітрапаліт Павел прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме «Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы»

22 сакавіка 2018

top.jpg

22 сакавіка 2018 года ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» адбыўся мітынг-рэквіем «Хай ніколі не змоўкнуць Хатыні званы», прымеркаваны да 75-й гадавіны хатынскай трагедыі.

Удзел у мітынгу прынялі кіраўнікі традыцыйных канфесій Беларусі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі; муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч. Ад Беларускай Праваслаўнай Царквы удзел у мітынгу прыняў таксама архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан.

Да Вечнага агню на тэрыторыі мемарыяла былі ўскладзены вянкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, дыпламатычнага корпуса, традыцыйных канфесій, перадае БелТА.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Іванаўна Качанава зачытала зварот Кіраўніка дзяржавы да суайчыннікаў з нагоды жалобнай даты.

Мітрапаліт Павел звярнуўся да прысутных з архіпастырскім словам, у якім падкрэсліў, што беларускі народ не трымае зла, але памятае аб трагічным мінулым. Уладыка Экзарх пажадаў, каб на блаславёнай беларускай зямлі больш ніколі не паўтараліся падзеі ваеннага ліхалецця.

***

Роўна 75 гадоў таму гітлераўскія карнікі знішчылі беларускую вёску Хатынь. 22 сакавіка 1943 года яны спалілі жывымі і расстралялі амаль усіх жыхароў — 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Створаны на месцы Хатыні мемарыяльны комплекс стаў сусветным сімвалам незлічоных ахвяр, пакут і мужнасці беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Лёс Хатыні падзялілі сотні іншых беларускіх вёсак.

Church.by