Мітрапаліт Павел узначаліў чарговае пасяджэнне Архіерэйскай рады Мінскай мітраполіі

05 жніўня 2020

top.jpg

5 жніўня 2020 года ў Мінскім епархіяльным упраўленні адбылося чарговае пасяджэнне Архіерэйскай рады Мінскай мітраполіі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, галава Мінскай мітраполіі; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Прысутнічаў таксама протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Мінскай епархіі, адказны сакратар упраўлення спраў Мінскай Экзархіі, сакратар Архіерэйскай рады.

Прымаючы пад увагу маючыя адбыцца выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, перад пачаткам пасяджэння архіпастыры здзейснілі малебен аб дараванні міру, стабільнасці і дабрабыту беларускаму народу.

Малебен адбыўся ў дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых.

За богаслужэннем маліўся мітрапаліт Філарэт, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Богаслужэбныя спевы выканаў Архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага.

Пасля заканчэння богаслужэння мітрапаліт Павел заклікаў благаславенне Божае на беларускі народ, які перажывае цяпер няпросты і адказны час.

Было абвешчана мнагалецце Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, мітрапаліту Філарэту, мітрапаліту Паўлу, Праасвяшчэнным архіпастырам, усім, хто знаходзіўся і маліўся ў храме, і ўсім праваслаўным хрысціянам.

На пасяджэнні Архірэйскай рады быў, у прыватнасці, абмеркаваны стан спраў у епархіях Мінскай мітраполіі ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі. З прычыны таго, што сітуацыя з COVID-19 у нашай краіне паступова стабілізуецца, Рада прыняла рашэнне ў межах Мінскай мітраполіі завяршыць практыку здзяйснення штодзённага спецыяльнага перазвону. Захаванне іншых супрацьэпідэмічных мер, прадугледжаных у пастановах Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 17 сакавіка 2020 года (журнал № 30) и Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 9 красавіка 2020 года, пакінута на меркаванне епархіяльных архіерэяў, якія павінны кіравацца імі ў залежнасці ад мясцовых эпідэміялагічных умоў.

Архіерэйская Рада абмеркавала кандыдатуры, вылучаныя епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы на намінацыю прэміі Кіраўніка дзяржавы «За духоўнае адраджэнне» 2020 года.

Рада таксама абмеркавала бягучую ўступную кампанію ў духоўных навучальных установах, колькасць абітурыентаў ад епархій Мінскай мітраполіі і вынікі размеркавання выпускнікоў духоўных школ 2020 года.

Архіерэйская Рада узгадніла маршрут XXVII духоўна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў». Плануецца, што экспедыцыя пачнецца 2 верасня ў горадзе Мінску і завершыцца 6 верасня ў горадзе Бялынічы, дзе сёлета будзе праведзены Дзень беларускага пісьменства.

На Радзе былі абмеркаваны і іншыя пытанні, якія тычацца жыцця і дзейнасці Мінскай мітраполіі.

Church.by

Фотарэпартаж