Адышоў да Госпада свяшчэннік Андрэй Парфенчык
12 сакавіка 2019Раніцай 12 сакавіка ў Рэспубліканскім анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах памёр іерэй Андрэй Парфенчык, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Аляксандра Каманскага ў італьянскім горадзе Палерма на востраве Сіцылія.
Айцец Андрэй быў родам з Мінска. Багаслоўскую адукацыю атрымаў у Мінскай духоўнай семінарыі і Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. На працягу 9 гадоў святар быў настаяцелем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Клецку і храма прарока Іаана Прадцечы ў вёсцы Садовая Клецкага раёна.
Увесну 2014 года пачаўся новы этап у жыцці айца Андрэя — рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ён быў накіраваны на пастырскае служэнне ў Італію. Служыць святару трэба было ў храме свяшчэннамучаніка Аляксандра Каманскага, будынак якога раней належаў каталікам, затым выкарыстоўвалася як жылы дом і факультэт мясцовай мастацкай акадэміі, а ў 2013 годзе быў перададзены Праваслаўнай Царкве. Айцец Андрэй практычна з нуля стварыў пры храме моцную суполку, якая аб'яднала выхадцаў з Расіі, Беларусі, Грузіі, Сербіі, Украіны, а таксама этнічных італьянцаў, якія прынялі Праваслаўе.
У канцы 2018 года айцу Андрэю быў пастаўлены страшны дыягназ: адэнакарцынома падстраўнікавай залозы, 4-я стадыя. Маці святара, Таццяна Барысаўна, перавезла сына ў Мінск. Адысці да Госпада яму было наканавана на роднай зямлі.
Спачуванне родным і блізкім памерлага днямі святара выказаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі:
«Паважаная Таццяна Барысаўна Парфенчык, дарагія родныя і блізкія новаспачылага іерэя Андрэя!
Са смуткам успрыняў вестку аб заўчаснай смерці іерэя Андрэя Парфянчыка, якая наступіла пасля цяжкай і працяглай хваробы. Ад імя паўнаты Беларускай Праваслаўнай Царквы выказваю вам шчырае спачуванне і малю Бога паслаць вам сілы і мужнасць у перанясенні спасцігшага вас выпрабавання.
Праводзіць у апошні шлях блізкага чалавека, які рана згас ад цяжкай хваробы, заўсёды горка і балюча. Хай будуць вам суцяшэннем словы Госпада, звернутыя да ўсіх верных дзяцей і дбайных слуг Святой Царквы: хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень (Ін. 6: 54).
Гасподзь заклікаў айца Андрэя ў дні Вялікага посту, калі праваслаўныя хрысціяне пакаяннем, устрыманнем і дабрадзейнасцю рыхтуюць сябе да сустрэчы з Уваскросшым Спасіцелем. Пераможца пекла і смерці — Гасподзь наш Іісус Хрыстос няхай прыме з любоўю душу Свайго памерлага днямі служыцеля, паселіць яго ў нябесныя мясціны і падаруе яму вечную памяць».
Фота: старонка прыхода свмч. Аляксандра Каманскага ў Facebook