«Праваслаўе – мая вера!»: прайшоў злёт праваслаўнай моладзі Лідскай епархіі

25 ліпеня 2018

top.jpg

Па благаславенню Парфірыя, епіскапа Лідскага і Смаргонскага з 16 па 19 ліпеня 2018 года прайшоў злёт праваслаўнай моладзі з удзелам выхаванцаў нядзельных школ Лідскай епархіі пры падтрымцы Аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню епархіі.

Мерапрыемства адбылося на базе архіерэйскага падвор'я ў вёсцы Вялічкі Лідскага раёна.

У злёце прынялі ўдзел зборныя каманды ад пяці благачынняў (Лідскага, Смаргонскага, Іўеўскага, Ашмянскага і Астравецкага), а таксама каманда «Пазнавайкі», якая з'яўлялася ўдзельнікам інтэлектуальных гульняў «Фавор» ў Гомелі. Злёт сабраў каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адказны за правядзенне злёту – кіраўнік Аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню ў Лідскай епархіі протаіерэй Уладзімір Яроміч.

Адкрыццё злёту адбылося 16 ліпеня. Малебен на пачатак добрай справы ўзначаліў Праасвяшчэннейшы Парфірый у саслужэнні благачыннага цэркваў Лідскай акругі протаіерэя Расціслава Салаўёва, кіраўніка злёту протаіерэя Уладзіміра Яроміча і настаяцеля храма святых Віленскіх мучанікаў горада Смаргонь іерэя Міхаіла Вярохі.

У праграме злёту былі агульная малітва, інтэлектуальныя гульні, працоўны дэсант, дзяжурства па кухні, размовы са святарамі, сустрэчы з правячым архіерэем у фармаце «Задай пытанне ўладыку», культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, сустрэча з пагранічнікамі, а таксама практычныя заняткі з доктарам па неадкладнай дапамозе пры няшчасных выпадках. Асабліва варта адзначыць майстар-клас «Майстэрня творчасці» ад работнікаў Лідскага дома творчасці дзяцей і моладзі, тэматычную выставу ручных вырабаў, выкананых дзецьмі ў рамках майстар-класа.

У рамках праваслаўнага моладзевага злёту таксама прайшла медыя-гульня «Вялікі экран» на тэму «Двунадзесятыя і вялікія святы».

Удзельнікам злёту давялося паламаць галовы і ў інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?», прысвечанай тэмам 1030-годдзя Хрышчэння Русі князем Уладзімірам, 100-годдзя памяці святых царскіх пакутнікаў і таінству споведзі-пакаяння.

Самай важнай падзеяй моладзевага злёту стала Бажэственная літургія ў дамавым Свята-Серафімаўскім храме архіерэйскага падвор'я. Богаслужэнне ўзначаліў Праасвяшчэннейшы Парфірый, саслужылі яму благачынны цэркваў Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў, кіраўнік злёту протаіерэй Уладзімір Яроміч, свяшчэннік іерэй Міхаіл Вяроха і дыякан Анатоль Мяльніцкі.

Усе ўдзельнікі - і дарослыя, і дзеці - прынялі ўдзел у таінстве Святой Споведзі і Святога Прычасця. Пасля чаго адбылося узнагароджанне ўдзельнікаў памятнымі падарункамі і канцэрт вакальнай групы выхаванцаў нядзельнай школы храма Усіх святых і, нарэшце, ўрачыстае закрыццё I злёту праваслаўнай моладзі Лідскай епархіі «Праваслаўе – мая вера!». У заключэнне епіскап Парфірый звярнуўся да ўсіх словамі на дарогу і паднёс сваё архіпастырскае благаславенне.

Лідская епархія / Church.by