Святкаванне Баркалабаўскай іконы Божай Маці прайшло ў Бабруйскай епархіі

25 ліпеня 2017

top.jpg

24 ліпеня 2017 года Праасвяшчэннейшы Сафроній, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, пабываў у Бабруйскай епархіі, дзе ўдзельнічаў ва ўрачыстасці, прысвечанай святкаванню Баркалабаўскага абраза Божай Маці.

Епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім здзейснілі Бажэственную Літургію ў Спаса-Узнясенскім жаночым манастыры вёскі Баркалабава Быхаўскага раёна, дзе знаходзіцца Баркалабаўская ікона Царыцы Нябеснай. Уладыкам саслужылі клірыкі Бабруйскай і Магілёўскай епархій, а таксама госці ў свяшчэнным сане.

На свяце таксама прысутнічалі шматлікія пілігрымы, якія прыбылі 23 ліпеня 2017 года, напярэдадні свята іконы Маці Божай Баркалабаўскай, з Магілёва. Пешы хрэсны ход з Магілёва ў вёску Баркалабава Быхаўскага раёна стаў ужо традыцыйным. Для ўдзелу ў гэтым малітоўным шэсці ў Магілёў прыбылі паломнікі з розных месцаў Белай Русі.

Шматлікія багамольцы, несучы на руках абраз Царыцы Нябеснай і саборна спяваючы Іісусаву малітву, здзейснілі 40-кіламетровы шлях з магілёўскага храма Царскіх пакутнікаў да Баркалабаўскага Спаса-Узнясенскага жаночага манастыра, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Божай Маці «Баркалабаўская».

Магілёўшчына ў савецкі час з'яўлялася адным з цэнтраў атэістычнай палітыкі, і таму тут былі разбураны амаль усе храмы і знішчаны святыні, у тым ліку цалкам разбураны Баркалабаўскі манастыр. Але дзякуючы подзвігу былых насельнікаў манастыра і мясцовых жыхароў Баркалабаўская ікона захавалася ў арыгінале, адзіная на ўсходзе Белай Русі. Сёння гэты абраз знаходзіцца ў яе гістарычным месцы знаходжання: Спаса-Узнясенскім жаночым манастыры, які дапамогай Божай Маці адраджаецца на беразе Дняпра каля весі Баркалабава.

Багамольцамі у шляху былі адслужаны тры малебны: каля капліцы на знакамітым Буйніцкім поле, у храме прападобнага Сергія Раданежскага вёскі Дашкоўка і ў прыходскім храме Казанскай іконы Божай маці ў вёсцы Баркалабава.

24 ліпеня, у дзень свята Баркалабаўскай іконы, хрэснаходцы прынялі ўдзел у Бажэственнай Літургіі, якую здзейснілі Праасвяшчэнныя епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім у саслужэнні духавенства Магілёўскай і Бабруйскай епархій.

Бабруйская епархія / Магілёўская епархія / Church.by