Беларуская Праваслаўная Царква перадала Мінскаму анкадыспансеру дыхальнае абсталяванне

09 ліпеня 2020

top.jpg

У рамках супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэалізуецца сумесны праект «Дыханне» — Царква перадае лячэбным установам анкалагічнага профілю дыхальнае абсталяванне. Асаблівую актуальнасць праект здабыў у 2020 годзе на фоне складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай COVID-19.

На працягу некалькіх месяцаў Сінадальны аддзел па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ сумесна з праваслаўнымі прыходамі Мінска аказваў непасрэдную дапамогу лячэбным установам: перадаваліся сродкі абароны (маскі, супрацьчумныя касцюмы, пальчаткі), рэцыркулятары паветра, расходныя матэрыялы і медыкаменты для барацьбы з COVID-19, а таксама гарачыя абеды для медыкаў.

9 ліпеня Сінадальны аддзел перадаў Мінскаму гарадскому клінічнаму анкалагічнаму дыспансеру апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) і канцэнтратар кіслароду. Гэта падзея стала магчымай пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у рамках рэалізацыі праекта «Дапамога людзям з анкалагічнымі захворваннямі, якія пакутуюць дыхальнай недастатковасцю, у Мінску і Мінскай вобласці ў перыяд эпідэміялагічнага крызісу (COVID-19) у Беларусі».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Кірыл Шолкаў, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі МГКОД Ілья Уладзіміравіч Пермякоў, намеснік Пасла Польшчы ў Беларусі спадар Марцін Вайцяхоўскі.

Дыяканія.by / Church.by