Дамавы храм-музей пры Гомельскім епархіяльным упраўленні папоўніўся каштоўным экспанатам
16 чэрвеня 2021Экспазіцыя дамавога храма-музея ў гонар Сабора ўсіх Беларускіх святых у Гомельскім епархіяльным упраўленні папоўнілася яшчэ адной унікальнай іконай XIX стагоддзя.
Па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага Сцяфана, архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, ікона была аддадзена на рэстаўрацыю ў рэстаўрацыйныя майстэрні ў горадзе Мінску. 9 чэрвеня абраз святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла вярнуўся з рэстаўрацыі, якая доўжылася крыху больш за год, каб заняць сваё годнае месца ў храме-музеі.
Абраз з'яўляецца ўнікальным помнікам жывапісу XIX стагоддзя Беларускай школы іканапісу. У ёй спалучаюцца некалькі тэхнік. Лікі святых напісаны алеем, а фігуры святых, адзенні і іхнія скруткі ўяўляюць сабой накладкі з аб'ёмнай разьбой па дрэве з залачэннем і серабрэннем. Дэкаратыўны залачоны фон абраза выкананы ў характэрнай для эпохі беларускага барока тэхніцы ціснення або неглыбокай чаканкі па ляўкасе. Рэстаўратарамі было зроблена ўмацаванне драўлянай асновы, ляўкаса і фарбавага пласта. Папоўнены страты жывапісу, рэканструяваны пацёртасці і страты сусальнага золата і срэбра. Абраз з'яўляецца высокім духоўным узорам школы іканапісу эпохі беларускага барока.
Роля святых роўнаапостальных братоў Мяфодзія і Кірыла, шанаваных як Усходняй Царквой, так і Заходняй, сапраўды вялікая. Святыя Мяфодзій і Кірыл — славянскія асветнікі, стваральнікі славянскай азбукі, прапаведнікі хрысціянства, першыя перакладчыкі богаслужэбных кніг з грэчаскай на славянскую мову. Сваёй дзейнасцю яны заклалі аснову славянскай пісьменнасці і літаратуры. Дзякуючы ім славяне атрымалі магчымасць успрымаць Евангелле і богаслужэнне на сваёй роднай мове.
Памяць святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, якія шануюцца славянскімі народамі з глыбокай старажытнасці, прыпадае на 24 (11 па старым стылі) мая і невыпадкова ў гэты ж дзень святкуецца «Дзень славянскай культуры і пісьменства». Святыя Мяфодзій і Кірыл з'яўляюцца нябеснымі хадатаямі перад прастолам Гасподнім аб усіх, хто прагне адукацыі і жадае паслужыць справе духоўнай асветы.