Інстытут тэалогіі БДУ правёў студэнцкую канферэнцыю «Хрысціянскія каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі»
02 лістапада 201727 кастрычніка 2017 года адбылася міжнародная навуковая студэнцкая канферэнцыя «Хрысціянскія каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі», арганізаваная Інстытутам тэалогіі імя святых Кірыла і Мяфодзія Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сумесна з факультэтам філасофіі і сацыяльных навук БДУ.
Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала такія пытанні, як уплыў рэлігіі ў цэлым і хрысціянства ў прыватнасці на каштоўнасныя асновы камунікатыўнай культуры сучаснай моладзі, на прафесійную этыку маладых навукоўцаў, на сродкі масавай інфармацыі, сямейныя каштоўнасці і іншае.
Мэтай канферэнцыі было пазначана фарміраванне светапогляду сучаснай моладзі ў еўрапейскай супольнасці і ў рамках традыцыйнай беларускай культуры, павышэнне духоўна-маральнай культуры сучаснай моладзі, фарміраванне цікавасці моладзі да рэлігіі.
Студэнцкія канферэнцыі праводзяцца ў Інстытуце тэалогіі з 2012 года. Сёлетні форум стаў шостым па ліку.
Да ўдзелу былі запрошаны студэнты, магістранты і аспіранты свецкіх і духоўных навучальных устаноў Беларусі і бліжэйшых краін. Усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 90 чалавек, у тым ліку завочна. Сярод замежных удзельнікаў форуму былі студэнты з Ніжняга Ноўгарада, Волагды, Масквы, Кракава.