Утворана Сінадальная гістарычная камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы
18 чэрвеня 2021Рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, зацверджаным 17 чэрвеня 2021 года, створана Сінадальная гістарычная камісія, якую ўзначаліў протаіерэй Аляксандр Раманчук, загадчык кафедры Мінскай духоўнай семінарыі і выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі.
Стварэнне камісіі абумоўлена павышэннем цікавасці грамадства да канфесійнага мінулага Беларусі і неабходнасцю актывізацыі работы праваслаўных гісторыкаў, павелічэння колькасці мерапрыемстваў, накіраваных на асвету людзей у царкоўна-гістарычнай сферы.
З 2012 года пры Выдавецкай радзе Беларускай Праваслаўнай Царквы дзейнічала гістарычная камісія, якая займалася рэцэнзаваннем вучэбных дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых устаноў адукацыі ў рамках дагавора паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама кніг гістарычнага зместу, якія выдаюцца ў Беларускім Экзархаце. Аднак у цяперашні час паўстала неабходнасць пераўтварэння гэтай камісіі ў асобную сінадальную структуру, што выклікана сучаснымі патрэбамі Царквы і грамадскай зацікаўленасцю ў царкоўна-гістарычнай сферы.
Асноўнымі мэтамі дзейнасці Сінадальнай гістарычнай камісіі стане распрацоўка актуальных для Царквы навуковых праблем, звязаных з вывучэннем гістарычнага шляху Праваслаўя на беларускіх землях (навуковая праграма); папулярызацыя ведаў аб канфесійнай гісторыі ў адпаведнасці з місіяй Праваслаўнай Царквы ў Беларусі (асветніцкая праграма); стварэнне аналітычнай інфраструктуры ў інтарэсах Беларускай Праваслаўнай Царквы (аналітычная праграма).
Старшынёй Сінадальнай гістарычнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату) прызначаны протаіерэй Аляксандр Раманчук, кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай семінарыі.
* * *
Протаіерэй Аляксандр Аляксандравіч Раманчук нарадзіўся ў 1966 годзе ў г. Гродна. У 1984-1987 гадах вучыўся ў Калінінградскім вышэйшым інжынерным вучылішчы інжынерных войскаў імя А. А. Жданава. У 1989 годзе паступіў у адроджаную Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1995 годзе. Свяшчэнны сан прыняў у 1992 годзе. У 2001 годзе скончыў Мінскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Навучаўся ў аспірантуры гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (2004-2007). Выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі з 2012 года, Мінскай духоўнай акадэміі — з 2013 года. Загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай семінарыі. З 2012 года па цяперашні час кіраваў працай гістарычнай камісіі пры Выдавецкай радзе Беларускай Праваслаўнай Царквы. Аўтар 2 манаграфій, 2 брашур і больш за 35 навуковых артыкулаў.