Пасланне да Ражджаства Хрыстовага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

07 студзеня 2018

top.jpgУзлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,

пачэсныя прасвітары і дыяканыбогалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!

Сардэчна віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага: святам нараджэння па плоці ад Духа Святога і Прачыстай Дзевы Марыі Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста. Сёння мы заклікаем усіх людзей разам з Царквой уславіць Тварца і Стварыцеля словамі: «Спявай Госпаду, уся зямля» (ірмос 1-й песні канона Ражджаству Хрыстоваму).

Усядобры Бог, Які любіць Сваё стварэнне, пасылае Адзінароднага Сына — доўгачаканага Месію, каб Ён здзейсніў справу нашага спасення. Сын Божы, Які ва ўлонні Айца (Ін. 1, 18), становіцца Сынам Чалавечым і прыходзіць у наш свет, каб вызваліць нас Сваёю крывёю ад граху і каб джала смерці больш не страшыла чалавека.  

Мы ведаем, што мудрацы, якія пакланіліся Хрысту, прынеслі Яму дары. Які ж дар мы можам прынесці Бажэственнаму Настаўніку? Той, пра які Ён Сам нас просіць: «Аддай сэрца тваё мнеі вочы твае няхай назіраюць шляхі мае» (Прытч. 23, 26). Што значыць аддаць сэрца? Сэрца — гэта сімвал жыцця. Калі яно перастае біцца, чалавек памірае. Аддаць сэрца Богу — значыць прысвяціць Яму сваё жыццё. Гэтае прысвячэнне не патрабуе ад нас адрачэння ад усяго, што ў нас ёсць. Мы закліканы толькі выкінуць з сэрца тое, што перашкаджае Божай прысутнасці ў ім. Калі ўсе думкі заняты толькі ўласным «я», калі ў сэрцы няма месца бліжняму, тады і Госпаду няма ў ім месца. А прысутнасць бліжняга ў сэрцы залежыць перш за ўсё ад нашай здольнасці перажываць боль другога чалавека і адклікацца на яго справамі міласэрнасці.

Гасподзь патрабуе ад нас назіраць шляхі Яго. Назіраць шляхі Божыя — значыць бачыць Божую прысутнасць у сваім жыцці і ў чалавечай гісторыі: бачыць праявы як Божай любові, так і Яго праведнага гневу.

Мінулы год у жыцці нашага народа быў напоўнены ўспамінамі аб трагічных падзеях XX стагоддзя і распачатых ганеннях на веру. Мы ўзгадвалі подзвіг навамучанікаў і вызнаўцаў, якія стойка засведчылі сваю адданасць Хрысту. Але нават у гэты грозны для краіны час Гасподзь паказаў нам Сваю міласць: пасля вымушанага двухсотгадовага перарыву было адноўлена Патрыяршаства ў Рускай зямлі, і Царква ў цяжкую часіну выпрабаванняў знайшла ў асобе свяціцеля Ціхана, абранага Прадстаяцелем, мудрага і мужнага пастыра, руплівымі малітвамі якога перад прастолам Усявышняга Тварца наша Царква і народ змаглі прайсці праз горан выпрабаванняў.

Зараз мы перажываем асаблівы перыяд: беды не пакінулі свет, штодзень мы чуем пра войны і чуткі аб войнах (Мф. 24, 6). Але колькі ж любові Божай выліваецца на род людскі! Свет існуе насуперак сілам зла, а чалавечая любоў, сямейныя каштоўнасці — насуперак неверагодным намаганням канчаткова іх разбурыць, апаганіць і сказіць. Вера ў Бога жыве ў сэрцах большасці людзей. А Царква наша, нягледзячы на дзесяцігоддзі ганенняў у нядаўнім мінулым і на запушчаныя механізмы падрыву яе аўтарытэту ў сучаснасці, была, застаецца і заўсёды будзе месцам сустрэчы з Хрыстом.

Верым, што, прайшоўшы праз сённяшнія выпрабаванні, народы гістарычнай Русі захаваюць і абнавяць сваё духоўнае адзінства, стануць матэрыяльна квітнеючымі і сацыяльна паспяховымі.

Нараджэнне Хрыста з’яўляецца цэнтральнай падзеяй чалавечай гісторыі. Людзі заўсёды шукалі Бога, але ва ўсёй магчымай для нас паўнаце Стварыцель адкрыў Сябе — Трыадзінага Бога — роду чалавечаму толькі праз уцялесненне Адзінароднага Сына. Ён прыходзіць на грэшную зямлю, каб зрабіць людзей вартымі спрыяння Айца Нябеснага і закласці цвёрды падмурак міру, запаведаўшы: «Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам» (Ін. 14, 27).

Няхай будзе гэты год для народа нашага, для народаў гістарычнай Русі і ўсіх народаў зямлі годам мірным і паспяховым. Няхай народжанае ў Віфлееме Богадзіця дапаможа нам здабыць надзею, якая перамагае страх, і праз веру адчуць сілу Божай любові, якая змяняе чалавечае жыццё.

Амінь.

+ Кірыл,

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі

Ражджаство Хрыстова

2017/2018 г., Масква