Па матэрыялах СМІ: «Жыровіцкае Евангелле — гэта унікальны, выключны помнік». Як стваралі яго факсімільнае выданне?

19 снежня 2022

zhirovichskoe_evangelie_141222_5.jpgУ духоўна-асветніцкай праграме «Дакрананне да святла» на тэлеканале СТВ выйшла інтэрв'ю намесніка старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ Алега Лепешанкова з протадыяканам Паўлам Бубновым, выкладчыкам Мінскай духоўнай акадэміі і Мінскай духоўнай семінарыі, кандыдатам багаслоўя.

Айцец Павел уваходзіў у склад творчай групы па падрыхтоўцы факсімільнага выдання Жыровіцкага Евангелля XVI стагоддзя, якое нядаўна было адзначана галоўным прызам конкурсу «Асвета праз кнігу» Выдавецкага савета РПЦ.

 

Чым для нас характэрная і важная гэтая кніга?

Жыровіцкае Евангелле — гэта сапраўды унікальны, выключны помнік. Ён сведчыць аб старажытнасці і высокай духоўнай культуры Праваслаўнай Царквы на Беларускіх землях у перыяд, калі яно было створана — у XVI стагоддзі. Чаму менавіта Жыровіцкае Евангелле было абрана цяпер для выдання? Гэта, па-першае, звязана з тым, што ў 2020 годзе Беларуская Праваслаўная Царква святкавала 550-годдзе першага яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе заснавання Жыровіцкага манастыра. Можна сказаць, што ў нашай і свецкай, і царкоўнай, і навуковай супольнасці адбыўся ўсплёск цікавасці да гісторыі Жыровіцкай абіцелі, якая вельмі падобная на гісторыю ўсёй нашай Беларускай Праваслаўнай Царквы. Асабліва яна звязана з цяжкім этапам у гісторыі Праваслаўнай Царквы на Беларускіх землях — перыядам існавання Рэчы Паспалітай і ўвядзеннем царкоўнай уніі ў 1596 годзе.

У працэсе гвалтоўнага насаджэння царкоўнай уніі яе прыхільнікі ў першую чаргу захоплівалі найбольш буйныя манастыры, храмы. І Жыровіцкую абіцель напаткала такая ж доля. Калі мы змесцім гэтыя звесткі, што і было зроблена ў томе даследавання, у гістарычны кантэкст, што ў гэты час адбывалася ў Вялікім княстве Літоўскім, у Жыровічах, то мы даведаемся, што якраз у гэты час Жыровіцкі манастыр перажываў перыяд свайго росквіту, быў сапраўдным цэнтрам царкоўнага жыцця ў ВКЛ. Там маглі здзяйсняць набажэнствы мітрапаліт Кіеўскі, епархіяльныя архіерэі, там здзяйсняліся чыны пострыгу ў манаства, пастаўлення архімандрытаў. Адным словам, быў буйны цэнтр богаслужэбнага царкоўнага жыцця. Натуральна, што Евангелле — гэта самая галоўная кніга, якая знаходзіцца ў храме, на прастоле, без якой ні адно богаслужэнне не можа быць здзейснена. 

 

Наколькі факсімільнае выданне падобна на арыгінал 500-гадовага Жыровіцкага Евангелля?  

Нам здаецца, што людзі 500 ці нават 100 гадоў таму былі моцна абдзеленыя магчымасцямі, якія ёсць у нас сёння. Парадокс у тым, што даследчыкі Жыровіцкага Евангелля прыйшлі да высновы, што некаторыя тэхналогіі яго мастацкага афармлення, якія былі выкарыстаны 500 гадоў таму, сёння немагчыма узнавіць.

У першую чаргу гэта тычыцца гравюр, гэта тычыцца мініяцюр евангелістаў, якія знаходзяцца ў пачатку кожнага Евангелля. Мініяцюры евангелістаў наўпрост звязаны з абразамі, з традыцыяй іканапісу, якія ў праваслаўнай традыцыі выконваюцца на залатым фоне (калі ёсць такая магчымасць). Уявіце, наколькі складана зрабіць такую ікону на паперы. Па-першае, складанасць заключаецца ў тым, каб нанесці гэты залаты пласт на паперу і каб ён быў даўгавечным. Ужо прайшло амаль 500 гадоў, і гэты залаты пласт выдатна трымаецца, нягледзячы на тое, што напэўна як мінімум некалькі стагоддзяў Евангелле актыўна выкарыстоўвалася, пра што сведчаць парушэнні па краях. Усё гэта ў комплексе робіць Жыровіцкае Евангелле ўнікальным помнікам. Вядома, вельмі важна, што ў 2020 годзе мы святкавалі гэты юбілей, а ў 2022-м выйшаў нарэшце і другі том з даследаваннямі. Гэта таксама сур'ёзны ўклад у нашу айчынную навуку, царкоўна-гістарычную навуку, нашу культуру.

 

Што з сябе ўяўляе другі том?  

Ён выкананы ў такім жа фармаце, з такой жа вокладкай, з элементамі мастацкага афармлення, хоць гэта ўсяго толькі зборнік навуковых артыкулаў, якія звычайна навуковыя ўстановы выдаюць у вельмі сціплым выглядзе. Вельмі цікавы артыкул Ірыны Будзько, які прысвечаны мове Жыровіцкага Евангелля. Даследчык на падставе параўнання мовы некалькіх Евангелляў, у тым ліку Полацкага, Тураўскага і Евангелляў, якія існавалі на небеларускіх землях, зрабіла вельмі цікавую выснову. Нягледзячы на тое, што гэта царкоўнаславянская мова, у ёй ёсць беларускія рысы, характэрныя менавіта для зямель, дзе дамінавала беларуская мова, у той час яшчэ старабеларуская. Але нават у царкоўнаславянскай мове гэтыя рысы ўжо выяўляліся — суфіксы, канчаткі, лексічная варыятыўнасць прысутнічалі. Гэта было падчас рукапіснай кнігі, калі перапісчык у тым ці іншым цэнтры перапісвання кніг мог гэтую варыятыўнасць уносіць. І гэта таксама вельмі важная выснова, якая паказвае, што гэта не чужы нам помнік, а менавіта беларускі, народжаны на нашай зямлі.  

 

Айцец Павел, былі часы, калі Евангелле захоўвалася ў храме, калі яго чыталі, тлумачылі святары. Зараз Евангелле даступнае. Якое месца яно павінна займаць у духоўным жыцці хрысціяніна?  

Калі адштурхоўвацца ад мінулага, то Евангелле, вядома, захоўвалася ў храме, яно чыталася, зачытвалася людзям. Галоўнае, што людзі чулі Евангелле, чулі яго тлумачэнне. Галоўнай мэтай гэтага чытання і тлумачэння было ўвасабленне ў жыццё. Вядома, гэта галоўная кніга для чалавека, у якой утрымліваюцца ўсе адказы на ключавыя пытанні чалавечага жыцця. Пра сэнс жыцця, пра тое, хто такі чалавек, у якім свеце ён жыве, як яму варта будаваць адносіны з навакольнымі і як яму ў канчатковым выніку дасягнуць шчасця. Дарэчы, царкоўнаславянскае слова «блажэнны» на сучасную беларускую мову можна перавесці як «шчаслівы». 

 

У паўнаце свайго быцця, у паўнаце жыцця духоўнага, матэрыяльнага.  

Так. Таму можна толькі парэкамендаваць нашым суайчыннікам, усім, з кім мы сутыкаемся, адкрываць гэтую кнігу. Такі помнік мінулага, на самай справе, кажа нам не толькі аб мінулым, але і аб вечным. Пра тое, што па-за часам, што сёння Евангелле не менш сучаснае, актуальнае, чым 500 гадоў таму, 2 000 гадоў таму, калі яно было абвешчана, зафіксавана, і што гэта праўда пра чалавека на ўсе часы. Калі мы будзем прытрымлівацца гэтай праўды, мы атрымаем адказы на ўсе свае пытанні і вырашым усе свае праблемы.  

***

Новая штотыднёвая праграма «Дакрананне да святла» на тэлеканале СТВ выходзіць па благаславенню Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Сумесны з Сінадальным інфармацыйным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы праект распавядае аб актуальных навінах і падзеях у жыцці БПЦ, святынях Беларускай зямлі, старажытных манастырах і храмах, якія будуюцца, падзвіжніках веры і пабожнасці мінулых стагоддзяў, і тых, хто нясе подзвіг малітвы і служэння блізкім у нашы дні.

Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте і Facebook