Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва

28 красавіка 2018

top.jpg

27 красавіка 2018 года на базе ДУ «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў» (Мінск) адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму: «Аб ходзе выканання праграмы супрацоўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквы».

Удзел у пасяджэнні Каардынацыйнага савета прынялі прадстаўнікі Міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, культуры, аховы здароўя, абароны, спорту і турызму, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, МУС, МНС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Нацыянальнай акадэміі навук, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарвыканкама, старшыні Сінадальных аддзелаў і камісій Беларускай Праваслаўнай Царквы, святары, якія нясуць послух у сферы сацыяльнага служэння. Перад пачаткам пасяджэння для ўдзельнікаў была праведзена экскурсія па Дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў. Госці наведалі дамавы храм вялікамучаніка і цаліцеля Панцеляімана, змаглі азнаёміцца з абсталяваннем інтэрната і рознымі методыкамі рэабілітацыі людзей з інваліднасцю.

У прэзідыум пасяджэння ўвайшлі намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка і епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. Мадэратарам пасяджэння Каардынацыйнага савета выступіла Алена Радчанка.

Мерапрыемства пачалося дакладам намесніка Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака, які нагадаў, што ў 2017 годзе была падпісана абноўленая праграма супрацоўніцтва Ммнсацзабароны і Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая адпавядае сучасным задачам сацыяльнай работы. Сярод пастаўленых мэтаў супрацоўніцтва — умацаванне ў грамадстве павагі да правоў і годнасці людзей з інваліднасцю і пажылых людзей, падтрымка традыцыйнай сям'і, мацярынства і дзяцінства.

Аляксандр Румак выказаў удзячнасць старшыні Сінадальнага аддзела Беларускага Экзархату па дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню протаіерэю Кірылу Шолкаву, дадаўшы, што айцец Кірыл уключаны ў склад дзеючай пры Ммнсацабароны Міжведамаснай камісіі па праблемах пажылых людзей, ветэранаў і асоб, пацярпелых ад наступстваў войнаў.

— Мы хочам бачыць Беларускую Праваслаўную Царкву ў ліку сваіх партнёраў, бо гэта самая ўплывовая канфесія ў Беларусі, — адзначыў намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны. Па яго словах, пастырскае слова вельмі важнае і значнае для людзей.

Таксама Аляксандр Румак надаў увагу паспяховым сацыяльным праектам, рэалізаваным пад эгідай Царквы. У іх ліку — праект па сацыялізацыі маладых людзей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця на базе Дома дыяканічнага служэння пры храме Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў вёсцы Тарасава Мінскага раёна. Маладыя людзі (як правіла, з няпоўных і/або малазабяспечаных сем'яў) на працягу 4-12 дзён жылі ў Доме дыяканічнага служэння, дзе набывалі навыкі зносін, самаабслугоўвання і творчасці.

Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін нагадаў пра біблейскія вытокі дабрачыннасці, адзначыўшы, што ў Госпада не застануцца без аддзякі нават малыя добрыя справы: «І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, той не страціць узнагароды сваёй» (Мф. 10: 42).

— Па ўсёй нашай краіне аказваецца дапамога, тым хто жыве ў нястачы, і гэта больш, чым проста шклянка вады. Верым, што гэта знойдзе сваю ўзнагароду ў Госпада, Які глядзіць на сэрца чалавека, — адзначыў архіпастыр.

Уладыка Веніямін выказаў надзею, што сацыяльная работа дзяржавы і сацыяльнае служэнне Царквы будуць гарманічна дапаўняць адзін аднаго і садзейнічаць росквіту Беларусі.

Вопытам паспяховай рэалізацыі царкоўных сацыяльных праектаў падзяліўся старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню протаіерэй Кірыл Шолкаў. У прыватнасці, быў згаданы ўнікальны храм свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску (настаяцель іерэй Дзімітрый Ворса), уладкаваны так, каб дапамагчы маліцца невідушчым вернікам. Храм упрыгожваюць разьбяныя рэльефныя іконы, дошкі з тэкстамі малітваў, напісанымі шрыфтам Брайля. Перашкоды ў выглядзе парогаў і калон тут зведзены да мінімуму.

Айцец Кірыл распавёў таксама аб нядаўна стартаваўшым сумесным праекце Мінпрацы і сацыяльнай абароны і Беларускай Праваслаўнай Царквы пад назвай «Беларускі папячыцель — дапамога ў кожны інтэрнат». У рамках праекта для ўстаноў стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання набываюцца сродкі гігіены і догляду, абсталяванне, інвентар. Ужо на пастаяннай аснове аказваецца дапамога Багушэўскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Грозаўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату, Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, Ракаўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату, Лагойскаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў. У планах арганізатараў праекта — узяць пад апеку ўсе інтэрнаты рэспублікі.

Дырэктар ДУ «Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў» Людміла Кандрашова распавяла пра дамавы храм у гонар Жыровіцкай іконы Божай Маці, які дзейнічае пры цэнтры з 2000 года.

— Храм — гэта сэрца нашага рэабілітацыйнага цэнтра, — сказала Людміла Мікалаеўна.

Кіраўнік аддзела па сацыяльнаму служэнню і царкоўнай дабрачыннасці Гомельскай епархіі, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Гомелі протаіерэй Уладзімір Сілянкоў інфармаваў прысутных аб дапамозе, якую Аляксандра-Неўскі прыход аказвае ДУ «Дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў «Васільеўка». Так, у рамках рэгулярнай акцыі «Дакраніся сэрцам» на ахвяраванні вернікаў для інтэрната былі набыты два пыласоса, камп'ютар, кампрэсарная ўстаноўка для прыняцця кіслародных ваннаў.

— Імкненне тварыць дабро павінна быць у кожнага хрысціяніна ў крыві. Нас заклікае да гэтага Сам Спасіцель! — падкрэсліў айцец Уладзімір.

Слова было прадастаўлена начальніку ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алегу Такуну, які растлумачыў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб альтэрнатыўнай службе». Выступленне выклікала ў зале дыскусію.

— Згодна з Законам, адзінай падставай для замены тэрміновай вайсковай службы на альтэрнатыўную грамадзянскую з'яўляюцца рэлігійныя перакананні чалавека, які падлягае прызыву. Але ж ёсць і свецкі, і філасофскі пацыфізм, — заўважыў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін, на што прадстаўнік Мінпрацы адказаў, што рэлігійныя перакананні лягчэй паддаюцца праверцы. Зрэшты, па словах Алега Такуна, у пытанні праходжання альтэрнатыўнай службы, дзяржава ідзе насустрач грамадзянам: усе пададзеныя па краіне заявы аб замене воінскай службы на альтэрнатыўную былі задаволены, і цяпер у Беларусі альтэрнатыўную службу праходзяць каля 80 чалавек.

Пасяджэнне Каардынацыйнага савета завяршылася прыняццем рэзалюцыі і нязмушанай гутаркай удзельнікаў за чаяваннем. 

Church.by     

Фотарэпартаж