З 22 па 26 мая ў Мінску адбудуцца XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні

15 мая 2017

top.jpg

З 22 па 26 мая 2017 года ў Мінску адбудуцца XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні.

У гэтым годзе форум прысвячаецца 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Тэма чытанняў: «Рэлігія і пісьменнасць як фактары фарміравання славянскай культуры».

Арганізатары форуму: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», ДУА «Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», ДУА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», Мінская духоўная акадэмія.

Як паведамляе Хрысціянскі адукацыйны цэнтр, удзел у чытаннях прымуць прадстаўнікі навуковай і культурнай грамадскасці, кіраўнікі навукова-метадычных і адукацыйных устаноў, выкладчыкі, аспіранты і студэнты дзяржаўных і царкоўных устаноў адукацыі, святары.

Праблемнае поле і кірункі работы чытанняў:

  • 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання

  • Асаблівасці перакладу Бібліі на нацыянальныя мовы

  • Свяціцель Георгій Каніскі — багаслоў, навуковец і філосаф (да 300-годдзя з дня нараджэння)

  • Святыя Белай Русі — актуальныя пытанні шанавання і праслаўлення (да 100-годдзя пачатку ганенняў на Рускую Праваслаўную Царкву)

  • Руская Праваслаўная Царква і дзяржаўная ўлада: 1917-2017

  • Навука і багаслоўе: ад канфрантацыі да дыялогу

  • Роля Рэфармацыі ў цывілізацыйным развіцці Еўропы

  • Міжканфесійны дыялог у прасторы навукі і культуры

  • Сучаснае багаслоўе: шляхі развіцця

  • Тэндэнцыі і перспектывы біблеістыкі сёння

  • Актуальныя праблемы рэлігіязнаўства ў XXI стагоддзі

  • Гісторыя Беларускай Праваслаўнай Царквы: недаследаваныя старонкі

Урачыстае адкрыццё чытанняў адбудзецца 22 мая ў 15:00 у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (Мінск, праспект Незалежнасці, 116).

Church.by