Сінадальная камісія Беларускага Экзархату па пытаннях абароны мацярынства арганізавала семінар «Псіхапаталогія падчас цяжарнасці і пасля родаў»

20 лютага 2017

top.jpg

Вядома, што Праваслаўная Царква сур'ёзна працуе па ўмацаванні інстытута сям'і і мацярынства, уносіць немалы ўклад у падтрымку цяжарных жанчын у крызіснай сітуацыі і прадухіленне абортаў. Напрамкі дзейнасці Царквы ў абарону жыцця не вычэрпваюцца толькі прафілактыкай і дапамогай сем'ям і маці.

Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля», створаны ў 2011 годзе пры Беларускай Праваслаўнай Царкве, займаецца таксама прафесійнай падрыхтоўкай і ўдасканаленнем спецыялістаў, якія працуюць на ніве ўмацавання сям'і. Дзейнасць цэнтра «Матуля» цесна асацыіраваны з працай Сінадальнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, заснаванай у канцы мінулага года рашэннем Сінода БПЦ (журнал № 56). Старшыня камісіі — духаўнік цэнтра «Матуля» протаіерэй Павел Сярдзюк.

18 лютага 2017 года Сінадальная камісія правяла для псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, лекараў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў і педагогаў 10-гадзінны семінар па тэме «Псіхапаталогія падчас цяжарнасці і пасля родаў».

Мінская духоўная акадэмія гасцінна прыняла ў сваіх сценах 36 спецыялістаў, якія працуюць з цяжарнымі жанчынамі і іх сем'ямі, з усіх куткоў нашай краіны: Мінска, Гомеля, Брэста, Бабруйска, Вілейкі, Гродна, Магілёва.

Вядучай семінара стала Марына Аляксееўна Чыжова, прарэктар Маскоўскага інстытута перынатальнай псіхалогіі і псіхалогіі рэпрадуктыўнай сферы, член Расійскага псіхалагічнага таварытсва і Прафесійнай псіхатэрапеўтычнай лігі, клінічны псіхолаг з 20-гадовым стажам працы з цяжарнасцю і родамі.

Адкрыла семінар кіраўнік цэнтра «Матуля» Вераніка Уладзіміраўна Сярдзюк, якая азнаёміла гасцей з працай духоўнай акадэміі і дзейнасцю валанцёраў цэнтра па дапамозе цяжарным жанчынам і маці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Гэтая дзейнасць уключае ў сябе і даабортнае псіхалагічнае кансультаванне, якое пры актыўным удзеле «Матулі» і БПЦ было ўведзена як абавязковае ў закон аб ахове здароўя Рэспублікі Беларусь ў 2014 годзе, і ўсебаковую падрыхтоўку сямейных пар да бацькоўства, і матэрыяльную і сацыяльную дапамогу сем'ям, якія жывуць у нястачы, і прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў у гэтай галіне.

Удзельнікі семінара вывучалі пытанні патапсіхалогіі ў працы псіхолага ў галіне рэпрадуктыўных праблем, праблему пасляродавай дэпрэсіі, суправаджэнне жанчын, якія ўжо маюць дыягназ, у цяжарнасці і родах, суправаджэнне выпадкаў з кесаравым сячэннем і іншыя тэмы.

Праблема пасляродавой дэпрэсіі сустракаецца ў 60 % выпадкаў ўсіх псіхічных расстройстваў рэпрадуктыўнай сферы. Лічба велізарная, і патрэбны прафесійныя падыходы ў стрымліванні росту захворвання. Веды па аказанні спецыфічнай дапамогі, атрыманыя ў ходзе семінара, будуць прымяняцца ў беларускіх радзільнях, жаночых кансультацыях, грамадскіх і прыватных цэнтрах.

Нягледзячы на тое, што семінар праводзіўся ў выхадны дзень, для гасцей была падрыхтавана надзвычайна смачная трапеза, раней адчынены дзверы і прадастаўлены ўсе ўмовы для плённай працы! Нізкі паклон і падзяка ад «Матулі» і ўсіх нашых гасцей, якія пакінулі самыя ўдзячныя водгукі аб акадэміі! — кажуць арганізатары семінара.

Church.by