Вучэбны цэнтр маскоўскай бальніцы свяціцеля Аляксія правёў анлайн-канферэнцыю, прысвечаную паліятыўнаму догляду

08 красавіка 2021

top.jpg

2 красавіка 2021 года ў анлайн-фармаце прайшла ўсерасійская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам «Паліятыўны догляд дома і ў стацыянары». Яе арганізаваў Вучэбны цэнтр сталічнай Цэнтральнай клінічнай бальніцы свяціцеля Аляксія, мітрапаліта Маскоўскага, у рамках III Аляксееўскіх чытанняў.

Канферэнцыя была прысвечана актуальным пытанням паліятыўнай медыцынскай дапамогі і дзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы ў гэтым кірунку. У ёй прынялі ўдзел больш за дзвесце чалавек з пяці краін: Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана і Новай Зеландыі. Гэта прадстаўнікі медыцынскай і навуковай супольнасці, святары, сёстры міласэрнасці, медыцынскія сёстры, валанцёры і сацыяльныя работнікі. Адкрыў канферэнцыю старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Рускай Праваслаўнай Царквы, намеснік старшыні апякунскага савета бальніцы свяціцеля Аляксія епіскап Арэхава-Зуеўскі Панцеляіман.

«Бог будзе судзіць нас паводле таго, як мы ставімся да іншых. Вельмі важна, каб у зносінах з людзьмі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, і якімі часта грэбуюць, мы знаходзілі радасць, сэнс, суцяшэнне для сябе. Гэта магчыма, калі мы чэрпаем сілы ў зносінах з Богам, тады дапамагаючы іншым, мы дапамагаем і самім сабе стаць лепшымі», — сказаў епіскап Панцеляіман, адкрываючы канферэнцыю.

Галоўны ўрач і дырэктар бальніцы свяціцеля Аляксія Аляксей Зараў у сваім прывітальным слове распавёў пра тое, што асаблівае прызначэнне царкоўнай бальніцы — дапамога паліятыўным хворым. «Для царкоўнай бальніцы вельмі важны ўдзел у дапамозе невылечным цяжкахворым пацыентам — як у стацыянары, так і на даму. Нам хацелася б гэтым займацца і далей, развівацца і дзяліцца нашым вопытам з рэгіёнамі. Таму мы адкрываем філіялы: у мінулым годзе — у горадзе Шуя Іванаўскай вобласці, у гэтым годзе плануем адкрыць у горадзе Жукоўскі Маскоўскай вобласці. Многія ведаюць аб нашым вялікім праекце ў Пераслаўлі-Залескім, які рэалізуецца разам з епархіяй і Фёдараўскім манастыром», — распавёў Аляксей Зараў.

Падчас канферэнцыі эксперты паліятыўнага догляду адзначылі, што для паўнавартаснай дапамогі цяжкахворым неабходна ўзаемадзеянне паміж медыцынскімі ўстановамі і сацыяльнымі службамі.

Аб пераемнасці ў працы дзіцячых і дарослых паліятыўных служб пры дасягненні пацыентам 18-гадовага ўзросту распавяла галоўны пазаштатны дзіцячы спецыяліст па паліятыўнай дапамозе Міністэрства аховы здароўя Расіі Алена Палевічэнка. «Па сваіх патрэбах такія пацыенты адрозніваюцца ад пажылых пацыентаў, якія маюць вопыт здаровага жыцця. Гэта часта сустракае ў дарослай службы неразуменне асаблівасцяў камунікацыі і поўнага аб'ёму дапамогі маладым пацыентам, таму стрэс узнікае і ў супрацоўнікаў, і ў членаў сем'яў», — падкрэсліла Алена Палевічэнка.

На канферэнцыі прагучалі даклады аб базавых прынцыпах і каштоўнасных аспектах паліятыўнай дапамогі, магчымасцях рэабілітацыі паліятыўных пацыентаў і асаблівасцях такога догляду ў хатніх умовах і ва ўмовах стацыянара.

«У стацыянары пацыенту могуць дапамагчы ў вырашэнні адразу многіх задач паліятыўнага догляду — фізічных, псіхалагічных, духоўных, сацыяльных. Гэта дае магчымасць яго сваякам адпачыць або даць час на рашэнне якіх-небудзь праблем. Вельмі важна таксама перадаць тактыку догляду за цяжкахворым пацыентам, каб сваяк пад наглядам персаналу мог яе асвоіць і з'ехаць дадому са сваім падапечным, ведаючы, што і як ён будзе рабіць», — распавяла выкладчыца навучальнага цэнтра Таццяна Краўчанка.

У сваіх выступленнях дакладчыкі адзначылі таксама важнасць духоўнай падтрымкі паліятыўнага хворых. Яны падкрэслілі і тое, што акрамя якаснага догляду і абязбольвання неабходная звернутасць да Бога таго, хто даглядае за цяжкахворым.

«Без Бога мы нічога не можам. Мы павінны трымаць чалавека перад Богам, насіць пакутнага ў сваім сэрцы. Гэта патрабуе шмат сіл і энергіі і магчыма толькі ў Хрысце, у далучэнні да Яго. Наша задача — убачыць у чалавеку вобраз Божы і служыць гэтаму вобразу сваёй прысутнасцю, каб чалавек мог давяраць і раскрыцца. Чалавек, які пакутуе, не мае патрэбы ў нашых словах або парадах, а мае патрэбу ў нашай прысутнасці, праз якую перадаецца мір Божы», — сказала рэфлексатэрапеўт, псіхолаг, валанцёр Першага маскоўскага хоспіса, аўтар кніг «Разлукі не будзе» і «Адкрытасць сэрца» Фрэдэрыка дэ Грааф.

У сваю чаргу настаяцель храма Жыццепачатнай Троіцы пры дзіцячай бальніцы святога Уладзіміра горада Масквы іерэй Уладзімір Суханаў распавёў пра асаблівасці служэння святара ў паліятыўным аддзяленні. «Задача святара чалавек дапамагчы чалавеку прымірыцца з Богам, ачысціць душу і праз гэта духоўна адрадзіцца. І часта пасля здзяйснення таіснстваў адбываюцца моцныя змены ў душы чалавека, якія вядуць да істотнага паляпшэння фізічнага і псіхалагічнага стану», — адзначыў іерэй Уладзімір Суханаў.

Удзельнікі форуму абмеркавалі асаблівасці паліятыўнай дапамогі пажылым людзям. Аб пілотным праекце па стварэнні сістэмы доўгачасовага догляду распавяла дырэктар дабрачыннага фонду «Старасць у радасць», першы намеснік старшыні камісіі Грамадскай палаты РФ па пытаннях дабрачыннасці і сацыяльнай рабоце Лізавета Алескіна. «Сістэма доўгачасовага догляду, вядома, не вырашыць усе праблемы, але гэта будзе вялікі крок, каб даць людзям хоць нейкую падтрымку і апору. Гэтая падтрымка павінна быць для ўсіх, каму яна патрэбна. І ў базавай сваёй частцы, да чатырох гадзін у дзень, яна павінна быць бясплатнай», — падкрэсліла Лізавета Алескіна.

Першы дырэктар Свята-Дзімітрыеўскага вучылішча сясцёр міласэрнасці Масквы Аляксандр Флінт адзначыў, што ў Расіі 30% насельніцтва знаходзіцца ў стане пенсійнага ўзросту, ад паўтары да трох мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе. «Ажыццяўленне эфектыўнай дапамогі такой колькасці людзей немагчымае без удзелу ўсяго грамадства ў цэлым. На жаль, пасіўнасць грамадства часта прыводзіць да змяшчэння пажылога чалавека ва ўмовы стацыянара або багадзельні, хоць гэта можна рабіць толькі тады, калі вычарпаныя ўсе магчымасці знаходжання чалавека дома. Таксама важна памятаць, што без вызначэння таго, у чым пажылы чалавек бачыць сэнс пакінутага адрэзка свайго жыцця, вельмі цяжка правільна і якасна арганізаваць яму дапамогу», — сказаў Аляксандр Флінт.

У завяршэнне канферэнцыі адбыўся круглы стол аб маршрутызацыі выпісаных з паліятыўных аддзяленняў хворых пры немагчымасці іх вяртання дадому. Удзельнікі круглага стала падкрэслілі, што асабліва востра гэтая праблема стаіць з іншагароднімі пацыентамі і бяздомнымі.

Запіс канферэнцыі даступны на Youtube-канале бальніцы свяціцеля Аляксія.

Цэнтральная клінічная бальніца свяціцеля Аляксія, мітрапаліта Маскоўскага — шматпрофільная лячэбная ўстанова на 280 месцаў. Гэта найбуйнейшая медыцынская ўстанова Рускай Праваслаўнай Царквы. У шпіталі лечацца людзі з усіх рэгіёнаў Расіі незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. Для ўсіх пацыентаў абследаванне і лячэнне праводзяцца бясплатна. З 2018 года ў бальніцы працуе ліцэнзаваны Вучэбны цэнтр. У ім рыхтуюць малодшых медыцынскіх сясцёр па доглядзе хворых, арганізуюцца курсы павышэння кваліфікацыі медыцынскіх сясцёр. Цэнтр выдае пасведчанні дзяржаўнага ўзору. 

Патрыярхія.ру/Church.by