У Мінску абмяркуюць пытанне ўзаемадзеяння Царквы і дзяржавы ў справе дапамогі дзецям-сіротам з пашкоджаннямі цэнтральнай нервовай сістэмы

01 чэрвеня 2017

top.jpg

8 чэрвеня 2017 года на базе Мінскай духоўнай акадэміі адбудзецца рабочая сустрэча кіраўнікоў епархіяльных аддзелаў па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Ключавой тэмай мерапрыемства стане пытанне ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства аховы здароўя ў справе дапамогі дзецям-сіротам з пашкоджаннямі ЦНС у рамках устаноў закрытага тыпу. Сустрэча пройдзе ў двух фарматах — пасяджэння і выязнога круглага стала.

Свае даклады прадставяць: супрацоўнікі Сінадальнага і епархіяльных аддзелаў па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ, прадстаўнікі Міністэрстваў аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

Сваім вопытам падзеляцца таксама прадстаўнікі Екацярынбургскай епархіі і Сінадальнага аддзела па дабрачыннасці Рускай Праваслаўнай Царквы.

У межах сустрэчы запланавана наведванне ўстановы аховы здароўя «Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі», дзе пройдзе круглы стол.

Афиша-о.-Евгений-Попиченко-�...

Асаблівым госцем мерапрыемства стане кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння Екацярынбургскай епархіі, настаяцель сабора ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы горада Екацярынбурга протаіерэй Яўген Папічэнка.

У рамках мерапрыемства ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі пачнецца сустрэча протаіерэя Яўгена Папічэнка са студэнтамі МінДА і добраахвотнікамі на тэму «Сацыяльнае служэнне Царквы», якая пройдзе ў фармаце «пытанне-адказ». Вядучым сустрэчы будзе старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнаму служэнню БПЦ протаіерэй Кірыл Шолкаў. Пачатак у 17:00. Уваход на сустрэчу вольны.

Диакония.by / Church.by