У Мінскай духоўнай акадэміі прайшлі Першыя чытанні памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча
18 мая 201717 мая 2017 года ў Мінскай духоўнай акадэміі прайшла навукова-практычная канферэнцыя «I Чытанні памяці протаіерэя Іаана Грыгаровіча (1792 — 1852): гісторыка, археографа, археолага». Арганізатарам форуму выступіла кафедра царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі.
Адкрываючы работу канферэнцыі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін, прарэктар па навуковай рабоце МінДА дацэнт А. В. Слесараў распавёў прысутным аб навуковай працы і апошніх выданнях кафедры.
Праграма канферэнцыі прадугледжвала правядзенне секцыі «Актуальныя пытанні царкоўна-гістарычных даследаванняў» (мадэратары — А. В. Слесараў, А. С. Горны), на якой прысутнічалі ўсе ўдзельнікі. Пасля кава-паўзы форум прадоўжыў сваю працу ў рамках секцый «Праваслаўная Царква на беларускіх землях у XIX стагоддзі» (мадэратары — протадыякан Павел Бубноў, А. Д. Гронскі), «Руская Праваслаўная Царква ў XX–XXI стагоддзях» (мадэратары — А. В. Слесараў, іерэй Гардзей Шчаглоў), «Багаслоўска-літургічная традыцыя Праваслаўнай Царквы» (мадэратары — протаіерэй Уладзімір Далгаполаў, дыякан Дзімітрый Каврига).
У канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі, аспіранты і магістранты Мінскай духоўнай акадэміі, а таксама прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (Мінск), Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута (Мінск), Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту (Гомель), гімназіі № 17 (Мінск). Праграма форуму прадугледжвала выступленні 30 дакладчыкаў вочнай формы ўдзелу і 7 дакладаў у рамках завочнай секцыі.
Па выніках канферэнцыі мяркуецца выданне зборніка дакладаў з наступным размяшчэннем у навукаметрычнай базе РІНЦ (eLibrary.ru).
***
Протаіерэй Іаан Грыгаровіч нарадзіўся ў сям'і настаяцеля Петра-Паўлаўскага сабора горада Гомеля ў 1792 годзе. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Кандыдат багаслоўя. Здзяйсняў прыходскае служэнне ў Гомелі, Віцебску, Санкт-Пецярбургу. Член Археаграфічнай камісіі. Выдавец першага беларускага археаграфічнага збору крыніц «Беларускі архіў старажытных грамат», зборніка дакументаў «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (у 5 тамах), твораў свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага. Аўтар даследавання «Беларуская іерархія».