У музей Мінскай духоўнай семінарыі перададзены ўнікальны спісак Жыровіцкага абраза Божай Маці

30 ліпеня 2018

top.jpg

У музей Мінскай духоўнай семінарыі перададзены ўнікальны спісак Жыровіцкага абраза Божай Маці

26 ліпеня 2018 года настаяцель Пакроўскага сабора г. Баранавічы і благачынны Баранавіцкай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Дзічкоўскі перадаў у дар царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі старадаўнюю ікону Божай Маці «Жыровіцкая».

Ікона выканана алеем на льняным палатне, нацягнутым на драўляную раму. Датуецца канцом XVIII — пачаткам ХІХ стагоддзя. На абароце надпіс: «Гэтая ікона Божай Маці ахвяравана Архіепіскапам Панцеляймонам Жыровіцкаму Праваслаўнаму Манастыру пры Архімандрыце Венедыкце ў 1938 годзе».

568.jpg

Ахвярадаўца іконы архіепіскап Панцеляіман (Ражноўскі) у 1918-1922 гг. з'яўляўся кіраўніком Пінска-Палескай епархіі. Адхілены ад кіравання епархіяй за супрацьдзеянне абвяшчэнню аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Знаходзіўся на спачыне ў Мялецкім Мікалаеўскім манастыры, затым у Жыровіцкім Успенскім манастыры. У 1939-1940 гг. архіепіскап Пінскі і Навагрудскі, у 1940-1941 гг. архіепіскап Гродзенскі і Вілейскі. З 1941 г. Экзарх заходніх абласцей Беларусі, мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі. У 1944 г. выехаў у Германію, у 1946 г. перайшоў у юрысдыкцыю Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы. Памёр у 1950 г.

Прыняў у дар абраз архімандрыт Венядзікт (Бабкоўскі) у 1937-1941 гг. з'яўляўся настаяцелем Жыровіцкага Успенскага манастыра. У 1941-1942 гг. епіскап Брэсцкі, вікарый Гродзенскай епархіі. З 1941 г. архіепіскап Гродзенскі і Беластоцкі. У 1944 г. выехаў у Германію, у 1946 г. перайшоў у юрысдыкцыю Рускай Зарубежнай Праваслаўнай Царквы. У 1950-1951 гг. архіепіскап Берлінскі і Германскі. Памёр у 1951 г.

Ікона будзе прадстаўлена ў чацвёртай зале царкоўна-археалагічнага музея, прысвечанай гісторыі Жыровіцкага манастыра.

Адміністрацыя Мінскай духоўнай семінарыі выказвае шчырую ўдзячнасць настаяцелю Пакроўскага сабора г. Баранавічы і благачыннаму Баранавіцкай царкоўнай акругі протаіерэю Аляксандру Дзічкоўскаму за бясцэнны дар, што істотна ўзбагаціў экспазіцыю царкоўна-археалагічнага музея.

* * *

Царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі створаны ў 2014 годзе па ініцыятыве рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя. У цяперашні час музей уключае чатыры залы, прысвечаныя гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі, гісторыі Жыровіцкага манастыра, царкоўнаму мастацтву XII-XX стагоддзяў, рукапісным і старадрукаваным кнігам XVI-XVIII стагоддзяў. Загадчык музея — прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі А. В. Слесараў.

МінДС / Church.by