У свята Ражджаства Хрыстовага мітрапаліт Філарэт узначаліў Літургію ў дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення
07 студзеня 20177 студзеня, у свята Нараджэння Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт адслужыў літургію ў дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых.
Архіпастыру саслужылі: іерэй Макарый Кавалёў, іерэй Дыянісій Кавалёў, протадыякан Віталь Дубяга.
Літургічныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Анастасіі Цімафеевай.
Па завяршэнні богаслужэння мітрапаліт Філарэт звярнуўся да святароў і вернікаў са словам настаўлення:
«Дарагія айцы, браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас з Ражджаством Хрыстовым.
Хрыстос — найвялікшы дар Госпада чалавецтву. Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Іаан. 3: 16).
Хрысціяне павінны ўмець прыносіць дары. Нам з вамі, дарагія айцы, браты і сёстры, належыць жыць так, быццам сёння наш апошні дзень. Усё наша жыццё павінна стаць цудоўным дарам Яму, Падаўцу жыцця.
Мы пакліканы рабіць дабро з той жа радасцю, як і атрымліваць яго. Вось яна — тая мера дасканаласці, да якой нам трэба расці.
Хрыстос нарадзіўся! Бог уцялесніўся!»
Усім вернікам Ганаровы Патрыяршы Экзарх падаў архіпастырскае благаславенне. Кожнаму было ўручана на малітоўную памяць выданне падзячнага акафіста «Слава Богу за ўсё». Самыя маленькія прыхаджане атрымалі салодкія падарункі.