УВАЗЕ СМІ! Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным сынам і дочкам Беларускай Праваслаўнай Царквы

10 красавіка 2017

top.jpg

Уваскрасення дзень!

Прасвятлімся, людзі!

Пасха! Гасподняя Пасха!

Бо ад смерці да жыцця

і ад зямлі да Неба

Хрыстос Бог перавёў нас,

якія песню перамогі спяваюць.

 Песня 1-я Пасхальнага канона

Узлюбленыя ў Хрысце Уваскрэслым Праасвяшчэнныя архіпастыры, богалюбівыя прасвітары і дыяканы, шаноўныя інакі і інакіні, богалюбівая паства Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Сардэчна вітаю вас у гэты вялікі і спасіцельны дзень светлай радасці аб Уваскрэслым Госпадзе нашым Іісусе Хрысце словамі Пасхальнага вітання:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

На працягу многіх стагоддзяў у святланосныя пасхальныя дні людзі, вітаючы адзін аднаго гэтым спасіцельным дабравесцем, сведчаць пра ісціннасць падзеі планетарнага значэння, якая адбылася каля дзвюх тысяч гадоў таму.

Хрыстос уваскрэс — Божая сіла Спасіцеля свету перамагла смерць. Гэтым дзеяннем Гасподзь даў кожнаму, хто паверыць у Яго і ўвойдзе ў Царкву Хрыстову, сапраўдную свабоду, магчымасць адраджэння і ўваскрасення для жыцця вечнага: «Я — уваскрасенне і жыццё; хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, будзе жыць» (Ін. 11, 25). І апостал Павел запэўнівае: «Бог <…> уваскрасіць і нас сілаю Сваёю» (1 Кар. 6, 14).

Спасіцель і Гасподзь наш «грахі нашы Сам узняў Целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, пачалі жыць праведна» (1 Пят. 2, 24). Подзвігазаснавальнік Хрыстос, вызваліўшы нас ад смерці і разарваўшы путы граху, які аддзяляў чалавека ад Бога, адкрыў чалавецтву шлях — праз пакаянне і духоўнае праабражэнне — да жыцця вечнага ў Яго Нябесным Царстве, напаўняючы ўжо тут, на зямлі, жыццё сапраўднага хрысціяніна пасхальнай радасцю, ісцінным сэнсам і надзеяй.

Пасля Уваскрасення Свайго Іісус Хрыстос сеў праваруч Бога Айца, і туды, у Царства Нябеснае, Ён заклікае нас звярнуць свае позіркі для таго, каб зразумець, навошта мы прыходзім у гэты свет, да чаго мы закліканы і куды павінны імкнуцца ва ўсе дні нашага жыцця на зямлі. Дзеля нас і дзеля нашага спасення прыйшоў у свет Сын Божы. Дзеля кожнага з нас Ён сышоў на зямлю, прыняўшы чалавечую прыроду, пакутаваў на Крыжы, быў пакладзены ў Гроб, сышоў у пекла і ўваскрэс з мёртвых. Сын Божы стаў сынам чалавечым, каб мы, тыя, што ўверавалі ў Яго і пайшлі ўслед за Ім, сталі сынамі Божымі. Стаць сынамі Божым і — гэта наша прызванне, гэта — мэта нашага жыцця на зямлі і гэта наша надзея.

Уваскрасеннем Хрыстовым зло і грэх пераможаны, а чалавек, атрымаўшы «апраўданне дарам, па благадаці Яго, адкупленнем у Хрысце Іісусе» (Рым. 3, 24), цяпер мае магчымасць змяніць сваё жыццё і стаць «удзельнікам Божай прыроды» (2 Пят. 1, 4). У святле Ўваскрасення Хрыстовага мы спазнаём любоў і міласць Усяшчодрага Госпада. Уваскрасеннем Хрыстовым дадзена чалавецтву невычэрпная Божая благадаць, здольная перамяніць і ацаліць прыроду кожнага чалавека і свет, у якім мы жывём.

Мы закліканы пранесці радасную вестку пра Хрыста Уваскрэслага праз усё наша жыццё, захоўваючы ў сэрцы запаведзь Спасіцеля нашага і Госпада: «Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на нябёсах» (Мф. 5, 16). Мы закліканы памнажаць у душах нашых водбліскі ззяння славы Божай. Жыццё Хрыста Спасіцеля і Яго слаўнае Уваскрасенне адкрываюць нам гэты шлях праз здзяйсненне спраў дабра, любові і міласэрнасці. Праз выкананне запаведзяў Гасподніх мы можам напоўніць святлом Хрыстовым жыццё наша і людзей вакол нас. Царква Хрыстова заклікае нас дапамагаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі абяздоленым, словам змякчаць злыя сэрцы, малітвай ратаваць ад разбуральных заган. Справамі дабра, любові і міласэрнасці мы зможам выканаць свой хрысціянскі абавязак служэння Богу праз служэнне бліжнім. 

Дарагія браты і сёстры, слаўнае свята Уваскрасення Хрыстовага заклікае нас скіроўваць свае сілы і працаваць дзеля славы Божай, дзеля славы Царквы Хрыстовай, дзеля дабра і згоды ў грамадстве. Дасягнуць гэта можна толькі на аснове высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей. Дзякуючы намаганням кожнага з нас свет стане духоўна больш здаровым і чалавек зможа вызваліцца ад граху і нявер’я. Уваскрэслы Хрыстос Спасіцель, бачачы наша імкненне ісці за Ім, дасць нам Сваю благадаць і сілу пераадольваць любыя выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, таму што сэрца кожнага з нас будзе перапоўнена любоўю да бліжніх.

Праасвяшчэнныя архіпастыры, узлюбленыя айцы, браты і сёстры, віншуючы ўсіх вас са святам светлага Хрыстовага Ўваскрасення, малітоўна жадаю, каб пасхальнае лікаванне пастаянна было ў душы кожнага з нас, умацоўвала веру, усяляла радасць і надзею на Ўваскрэслага Спасіцеля і Госпада Іісуса Хрыста. Няхай гэтай бясконцай радасцю напоўніцца ўсё наша жыццё. А мы будзем сёння і надалей дарыць гэтую радасць усім: і тым, хто сёння радуецца і лікуе, і тым, хто хварэе ці пакутуе, адчувае нястачы ці мае патрэбу ў спагадзе, — будзем несці ўсім людзям благадатную вестку пра Хрыста Ўваскрэслага і пра радасць яднання з Ім.

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

САПРАЎДЫ УВАСКРЭС ХРЫСТОС!

 + ПАВЕЛ,

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

 Пасха Хрыстова 2017 года

горад Мінск

Фота Патрыяршага Экзарха ў высокай адрознівальнай здольнасці >>

Church.by