Упершыню пабачыў свет «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі»

17 кастрычніка 2022

123.jpg

Напрыканцы жніўня 2022 года ў выдавецтве Свята-Петра-Паўлаўскага прыхода ў г. Мінску выйшаў у свет «Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі». Падрыхтаваны ён Біблейскай камісіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая больш за тры дзесяцігоддзі, пачынаючы з 1989 года, займалася перакладам Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Адказным рэдактарам перакладу на працягу ўсіх гэтых гадоў быў светлай памяці протаіерэй Сергій Гардун. Ён жа з’яўляецца аўтарам перакладу цэлага шэрагу богаслужэбных тэкстаў: Бажэственнай літургіі Іаана Залатавуста, Вялікай вячэрні, Малітваў ранішніх, Малітваў вячэрніх, Паследавання да Святога Прычашчэння, Малітваў падзякі пасля Святога Прычашчэння, Малітваў перад споведдзю, Таінстваў Вянчання, Хрышчэння, Мірапамазання, шэрагу канонаў і інш [1].

Усе гэтыя пераклады актыўна выкарыстоўваюцца ў сучаснай паўсядзённай богаслужэбнай практыцы ў тых прыходах Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзе з пэўнай рэгулярнасцю адбываюцца беларускамоўныя богаслужэнні. Колькасць такіх прыходаў паступова ўзрастае. І, як сведчаць прыхаджане, правядзенне беларускамоўных набажэнстваў дапамагае ім глыбей і дакладней разумець царкоўнаславянскія тэксты. Так што ўжыванне беларускай мовы ў нашай Царкве ніякім чынам не супрацьпастаўляецца існуючай царкоўнаславянскай моўнай традыцыі правядзення службаў, а наадварот, спрыяе больш глыбокаму ўспрыняццю сучаснымі людзьмі старажытнай царкоўнай мовы.

Пад рэдакцыяй протаіерэя Сергія Гардуна быў падрыхтаваны і вышэйназваны слоўнік. Зразумела, што пераклад цесна звязаны з праблемай распрацоўкі літургічнай тэрміналогіі, высокага стылю, адпаведнага багаслоўскаму і рэлігійнаму вопыту праваслаўнага жыцця. У ходзе работы над перакладамі камісія выпрацавала і сфармулявала шэраг прынцыпаў, згодна з якімі і адбывалася складанне дадзенага слоўніка. Пералічым асноўныя з іх:

1) Захаванне пэўнай пераемнасці грэчаскай моўнай традыцыі. Словы грэчаскага паходжання, якія праз царкоўнаславянскую мову трывала ўвайшлі ў царкоўны ўжытак, не патрабуюць перакладу і могуць выкарыстоўвацца ў сучаснай беларускай мове: «антиминс» — «антымінс», «ектения» — «екцення», «иерей» — «іерэй» і г. д. Трэба адзначыць, што існуе цэлы шэраг грэчаскіх слоў рэлігійнага значэння, якія ўваходзілі ў беларускую мову не толькі праз царкоўнаславянскую, але і праз польскую. І гэта абумовіла дваякую форму ўжывання іх у беларускай моўнай стыхіі: «ангел» — «анёл», «амінь» — «áмэн», «дыявал» — «д’ябал» і г. д. Пры гэтым якраз царкоўнаславянская форма гэтых слоў захоўвае найбольшую блізкасць да грэчаскага арыгіналу: ц.-с. «ангел» — грэч. «ангелос», ц.-с. «аминь» — грэч. «амин», ц.-с. «диавол» — грэч. «диаволос». Гэта і з’яўляецца вызначальным для выбару з дзвюх ужытковых форм — адной, для выкарыстання ў беларускамоўных біблейскіх і богаслужэбных тэкстах.

2) Адпаведнасць і пераемнасць царкоўнаславянскай моўнай традыцыі. Шэраг слоў славянскага паходжання з трывалым тэрміналагічным значэннем таксама можа быць запазычаным: «благочиние» — «благачынне», «двунадесятый праздник» — «дванадзясятае свята», «зачало» — «зачала», «причастие» — «прычасце», «светилен» — «свяцільны». У асобных выпадках, у залежнасці ад кантэксту, адно і тое ж слова можа перакладацца, а можа запазычвацца, напрыклад: «седмица» — «тыдзень», але «седмичная служба» — «сядмічная служба» (як тэрмін Тыпікона — богаслужэбнага ўставу).

3) Пэўнай складанасцю з’яўляецца адсутнасць у беларускай мове агульнапрынятых адпаведнікаў для славянскіх слоў з коранем «благ»: «благодать», «благословение», «блаженный», «Благовещение». Разам з тым, гэтыя словы з’яўляюцца вельмі шырока распаўсюджанымі як у богаслужэбнай практыцы, так і ў гутарковым царкоўным асяроддзі, несучы ў сабе цэлы спектр багаслоўскіх значэнняў. Што, напэўна, і стала падставай для ўключэння іх у сучасныя слоўнікі беларускай мовы, дзе мы знаходзім іх у адпаведнай форме: «благаславенне», «блажэнны», «Благавешчанне». Праўда, слова «благодать» слоўнікі спрабуюць перакласці як «ласка Божая; дар Божы», але ж гэта толькі два значэнні гэтага шматзначнага паняцця. Таму цалкам лагічна было б і дапоўніць словам «благадаць» сучасныя слоўнікі беларускай мовы і далей выкарыстоўваць яго ў богаслужэбнай беларускамоўнай практыцы.  

4) Разам з тым, для такіх царкоўнаславянскіх слоў, якія маюць адно выразнае значэнне, не з’яўляюцца частотнымі па ўжытку, няцяжка знайсці, а дакладней кажучы, увесці ва ўжытак сучасны наватвор: «благоверный» — «дабраверны», «благовествование» — «дабравесце», «новопреставленный» — «новаспачылы».

5) Некаторыя словы грэчаскага альбо яўрэйскага паходжання («áксіас», «алілýія», «асáнна»), якія маюць пераважна літургічны ўжытак, мэтазгодна перадаваць шляхам транслітарацыі.

6) Нарэшце, існуе цэлы шэраг слоў, якія, не з’яўляючыся па сутнасці рэлігійнымі тэрмінамі, даволі часта сустракаюцца ў рэлігійным кантэксце. У гэтым выпадку беларуская мова, безумоўна, валодае багаццем уласных моўных сродкаў, каб перадаць значэнні гэтых слоў: «усопший» — «памерлы, спачылы», «ревность» — «стараннасць, руплівасць, дбайнасць», «непорочный» — «беззаганны» і г.д.

7) Назвы рэлігійных свят праваслаўнай традыцыі таксама трывала замацаваліся ў беларускай мове амаль у поўнай адпаведнасці славянскім назвам: Благавешчанне, Праабражэнне, Успенне. Пра гэта сведчыць і тое, што адпаведныя назвы храмаў ужываюцца як Свята-Благавешчанскі, Спаса-Праабражэнскі, Свята-Успенскі. Кіруючыся тым самым прынцыпам, з мноства варыянтаў дыялектных форм назвы Ражджаства Хрыстовага (Раство, Ражаство, Ражство, Руздво, Божае Нараджэнне, Каляды) мэтазгодна абраць адну, найбольш адпаведную традыцыйнай славянскай назве.

8) Імёны ў слоўніку даюцца ў набліжэнні да царкоўнаславянскай формы, звыклай для ўсіх пакаленняў праваслаўных беларусаў. Імя Госпада нашага  — Іісус — дадзена з падвойным «і», у дакладнай адпаведнасці з грэчаскім арыгіналам Бібліі, яе царкоўнаславянскім перакладам і шматвекавым традыцыйным ужываннем у малітвах праваслаўных веруючых.

Дадзены слоўнік складаецца з некалькіх раздзелаў. Так, у раздзеле «Імёны святых паводле праваслаўнага месяцаслова» у першым слупку змешчана царкоўнаславянская форма імені, а таксама першапачатковае значэнне гэтага імені і ўказанне мовы, з якой паходзіць гэтае імя. У другім слупку знаходзіцца беларуская царкоўная форма гэтага імені. У трэцім слупку — іншыя вытворныя формы імені. Напрыклад:

 

Евфросvния — радасць (грэч.).

Еўфрасіння

Ефрасіння, Прузына

 

Усе імёны пададзены з указаннем націскаў. Некаторым чытачам будзе цікава даведацца, што такія імёны, як Філалóг і Філасóф, маюць націск на апошнім складзе, а не на сярэднім.

У раздзеле «Назвы праваслаўных свят» таксама ў другім і трэцім слупку размешчаны адпаведна беларуская царкоўная назва свята ў:  а) кароткай і б) поўнай форме, а таксама беларускія народныя назвы гэтага свята.

а) Рождестó Христóво

б) Рождествó Гóспода Бóга и Спáса нáшего Иисẏса Христá

а) Ражджаствó Хрыстóва

б) Ражджаствó Гóспада Бóга і Спасіцеля нáшага Іісẏса Хрыстá

Раствó, Ражствó, Руздвó, Каля'ды

 

У асобным раздзеле слоўніка змешчаны пераклад назваў шанаваных  у Праваслаўнай Царкве ікон.

Яшчэ адзін раздзел слоўніка ўтрымлівае пераклад назваў усіх 77 кніг Свяшчэннага Пісання, і размешчаны яны ў адпаведнасці з традыцыйным парадкам праваслаўнай Бібліі. Тут трэба адзначыць, што колькасць кніг і парадак іх размяшчэння адрозніваецца як у каталіцкай, так і ў пратэстанцкай Бібліях. У каталіцкай Бібліі 73 кнігі, у пратэстанцкай — 66 кніг.

У апошнім раздзеле слоўніка размешчаны правілы тытулавання і звароту да духавенства.

Хочацца спадзявацца, што слоўнік будзе выкарыстоўвацца як унутры Царквы, так і за яе межамі: журналістамі, навукоўцамі, перакладчыкамі. Бо часам здараюцца такія недарэчныя выпадкі, калі, пішучы пра праваслаўны прыход, некаторыя журналісты называюць яго «парафіяй», альбо, гаворачы пра царкоўную службу, называюць яе «імшой», праваслаўных епіскапаў называюць «біскупамі» і г.д.

Адзначым, што ў слоўніку зафіксаваны сучасны этап працэсу фарміравання рэлігійнай лексікі праваслаўнай традыцыі. Работа над перакладамі працягваецца, уносяцца некаторыя змены ў тое, што было зроблена раней. Змешчаная ў слоўніку лексіка ўжываецца непасрэдна ў беларускамоўных богаслужэннях, а таксама ў сучасных выданнях і публікацыях на царкоўную тэматыку. Такім чынам, адбываецца натуральны працэс выпрацоўкі беларускай рэлігійнай лексікі ўнутры Царквы з улікам царкоўнай і моўнай традыцыі, з улікам запатрабаванасці рознымі сферамі сучаснага жыцця беларускага народа.

_______________________________________________________

[1] Некаторыя з гэтых перакладаў можна знайсці на сайце Петра-Паўлаўскага сабора spp.by, а таксама на сайце Дабравесце dabravesce.by.

Бібліяграфічнае апісанне

Кароткі царкоўнаславянска-беларускі слоўнік праваслаўнай лексікі / [уклад.: протаіерэй Сергій Гардун, протаіерэй Аляксандр Пачопка, І. А. Чарота, Т. А. Матрунчык ; пад рэд. протаіерэя Сергія Гардуна ; прадмова І. А. Чароты ; рэкамендавана да выдання Выдавецкім саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы. ИС Б22-208-0055]. - Мінск : Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў г. Мінску, 2022. - 95 с. - (Да 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях). - ISBN 978-985-6594-87-1 

 izdatsovet.by/Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте