У Мінску падвялі вынікі I Рэспубліканскага конкурсу «Святасць нараджэння» [+відэа]

16 кастрычніка 2023

top.jpg

16 кастрычніка 2023 года ў рамках «Тыдня бацькоўскай любові» ў актавай зале Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі горада Мінска былі ўзнагароджаны пераможцы I Рэспубліканскага конкурсу «Святасць нараджэння».

Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення і заахвочвання пісьменных, таленавітых, творча працуючых кваліфікаваных акушэраў-гінеколагаў, псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў дзяржаўных арганізацый аховы здароўя.

Прафесійны праект такога фармату ў Беларусі праводзіцца ўпершыню. Ён накіраваны на павышэнне нараджальнасці, зніжэнне колькасці абортаў і ўдасканаленне медыка-сацыяльнай дапамогі цяжарным, у тым ліку павышэнне эфектыўнасці перадабортнага псіхалагічнага кансультавання. Гэта сумесная ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Беларускай Праваслаўнай Царквы і Дабрачыннага Фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

Звяртаючыся да прысутных, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін адзначыў, што Беларуская Праваслаўная Царква вітае і падтрымлівае ініцыятывы дзяржавы па ўмацаванні сям'і. Святары ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных праектаў, накіраваных на ўсведамленне падрастаючым пакаленнем значнасці сям'і ў жыцці чалавека, па стварэнні музеяў мацярынства, правядзенні святаў, прысвечаных гэтай тэме конкурсаў. Шмат увагі Царква надае ўдзелу ў выкананні дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», мерапрыемстваў падпраграмы «Сям'я і дзяцінства».

Найважнейшая супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў сумесным служэнні Міністэрства аховы здароўя і Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Бо святары лечаць душу чалавека, а медыцынскія работнікі — цела. Таму, зыходзячы з узаемасувязі духоўнага і фізічнага здароўя чалавека, святары і ўрачы абавязкова павінны ўзаемадапаўняць адно аднаго ў аказанні дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу», — падкрэсліў уладыка Экзарх.

«Захаванне сям'і і жыцця кожнага дзіцяці — стратэгічная мэта нашай дзяржавы і сістэмы аховы здароўя, — сказаў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — Пра гэта сведчыць выбудаваная сістэма аховы мацярынства і дзяцінства, адны з самых нізкіх у свеце паказчыкі дзіцячай смяротнасці ў нашай краіне. Колькасць абортаў у параўнанні з папярэднімі гадамі ўпала ў пяць разоў».

Правесці сярод жанчын, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, стоадсоткавае перадабортнае кансультаванне — сумесная ідэя Міністэрства аховы здароўя і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Таксама з прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся іерэй Фёдар Лук'янаў, старшыня Патрыяршай камісіі Рускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства і Андрэй Зубенка, заснавальнік і старшыня праўлення Дабрачыннага фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

Пераможцаў узнагародзілі ў некалькіх намінацыях. Па крытэрыі прадухілення абортаў лепшым псіхолагам стала Юлія Лепясевіч з Пінскага міжраённага радзільнага дома, лепшы ўрач-псіхатэрапеўт — Ганна Хацян з Навагрудскай ЦРБ, лепшы акушэр-гінеколаг — Аляксандра Кудзерка з Гродзенскай гарадской паліклінікі № 7. У намінацыі «За лепшую асветніцкую дзейнасць па захаванні цяжарнасці» атрымала ўзнагароду Ірына Іканастасава, галоўны спецыяліст аддзела меддапамогі маці і дзецям Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, за гарадскі медыка-сацыяльны праект «Ты не адна».

Ацэнка вынікаў конкурсу праходзіла па выніках паўгоддзя за 2022 і 2023 гады. Прымаліся пад увагу новыя формы работы ўстаноў аховы здароўя па папулярызацыі культуры сямейна-шлюбных адносін і пераваг сямейнага ладу жыцця, шматдзетнасці, і ўкараненне новых падыходаў у медыка-сацыяльнай дапамогі па суправаджэнні цяжарных жанчын. У склад камісіі па правядзенні конкурсу ўвайшлі Міністр аховы здароўя, высокакваліфікаваныя лекары і навукоўцы, святары, члены праўлення Дабрачыннага Фонду падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

Па завяршэнні ўзнагароджання перад прысутнымі выступілі з дакладамі іерэй Фёдар Лук'янаў, старшыня Патрыяршай камісіі Рускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства; Ганна Семчанка, загадчыца маніторынгавага аддзялення дзіцячага здароўя РНЦП «Маці і дзіця»; Ірына Іканастасава, галоўны спецыяліст (акушэр-гінеколаг) аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Камітэта па ахове здароўя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Аксана Кароткіх, загадчыца жаночай кансультацыі УАЗ «37-я гарадская паліклініка», галоўны пазаштатны акушэр-гінеколаг па амбулаторнай рабоце Камітэта па ахове здароўя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

У завяршэнне афіцыйнай часткі адбылася дыскусія і падвядзенне вынікаў. Фінальным акордам мерапрыемства стаў святочны канцэрт.

 Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники,

глядзіце ў YouTube і TikTok

Фотарэпартаж